Версия для печати

журнал международного права и международных отношений 2012 — № 3


международные отношения

Дыпламатычныя адносіны Вялікага Княства Літоўскага і Маскоўскай дзяржавы падчас трэцяга «бескаралеўя» у Рэчы Паспалітай (снежань 1586 г. — чэрвень 1587 г.)

Сяргей Лашкевіч

Аўтар:
Лашкевіч Сяргей Анатольевіч — старшы выкладчык кафедры міжнародных адносін факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта

Рэцэнзенты:
Тугай Уладзімір Васільевіч — доктар гістарычных навук, прафесар, загадчык кафедры гісторыі старажытных цывілізацый и Сярэднявечча гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка
Русаковіч Андрэй Уладзіміравіч — кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры міжнародных адносін факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта

У апошнія два дзесяцігоддзі ў нашай краіне пашыралася цікавасць да вывучэння знешнепалітычнай дзейнасці і дыпламатыі Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ) у паслялюблінскі перыяд. Пасля 1569 г. Княства працягвала прадстаўляць знешнепалітычныя інтарэсы ўсёй Рэчы Паспалітай на маскоўскім накірунку, што дазваляла яму адстойваць адносна Масквы сваю ўласную пазіцыю, якая час ад часу не супадала з інтарэсамі Кароны Польскай. Адзначым, што пасля смерці 12 снежня 1586 г. караля і вялікага князя Рэчы Паспалітай С. Баторыя ў краіне пачаўся трэці перыяд «бескаралеўя», які працягваўся амаль год. У канцы XVI ст. Рэч Паспалітая ўяўляла сабою адну з найбуйнейшых дзяржаў Еўропы, што стварала міжнароднае напружанне вакол федэрацыі Кароны Польскай і ВКЛ. Краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы актывізавалі свае дыпламатычныя намаганні з мэтаю выбрання на трон дзяржавы лаяльнага караля, які будзе ўлічваць іх знешнепалітычныя інтарэсы.

Зыходзячы з унутрыпалітычнай сітуацыі, а таксама міжнароднага становішча, ВКЛ актывізавала намаганні, накіраваныя на абарону сваіх інтарэсаў як у рамках адзінай федэрацыі, так і за яе межамі. Больш таго, магнаты і шляхта ВКЛ мелі вопыт адстойвання сваіх інтарэсаў падчас першага і другога перыядаў «бескаралеўя» ў Рэчы Паспалітай (1572—1576 гг.). Менавіта гэтыя перыяды ў Рэчы Паспалітай падштурхоўвалі дыпламатыю Княства да актывізацыі на асобных накірунках. У другой палове XVI ст. да знешнепалітычных паўнамоцтваў ВКЛ адыходзілі стасункі з Маскоўскай дзяржавай і часткова з Інфлянтамі. Адносіны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай абапіраліся на шматвекавыя традыцыі і вопыт дыпламатычнай службы ВКЛ.

Мэта артыкула заключаецца ў тым, каб прааналізаць дыпламатыю Вялікага княства Літоўскага і Маскоўскай дзяржавы падчас трэцяга «бескаралеўя» у Рэчы Паспалітай, а таксама выявіць спецыфіку знешнепалітычных інтарэсаў усёй Рэчы Паспалітай на маскоўскім накірунку.

Пры напісанні артыкула аўтар абапіраўся на папярэднія працы як айчынных, так і замежных гісторыкаў. Першым з беларусаў, хто павярхоўна звярнуўся да дыпламатыі ВКЛ, быў М. В. Доўнар-Запольскі [5]. Пасля набыцця незалежнасці ў Рэспубліцы Беларусь пачалі актыўна цікавіцца знешнепалітычнай гісторыяй ВКЛ і асабліва ў паслялюблінскі перыяд. Распачаў працу ў дадзеным накірунку беларускі гісторык І. В. Саверчанка [11]. Адначасова з’явіліся працы па палітычнай і знешнепалітычнай дзейнасці вядучых магнатаў ВКЛ [15]. Вельмі шырока і на высокім тэарэтычным узроўні прадстаўлена польская гістарыяграфія [10; 16; 18—20; 23—25]. Характэрнай асаблівасцю польскай гістарыяграфіі знешнепалітычнай гісторыі ВКЛ пасля Другой сусветнай вайны быў паступовы адыход ад ідэалагічных марксісцка-ленінскіх догм. На сённяшні дзень польская гістарыяграфія з’яўляецца лідэрам па вывучэнню знешнепалітычнай праблематыкі Княства ў паслялюблінскі перыяд. Не абыйшлі бокам дадзеную праблему і расійскія даследчыкі [1; 4; 6—8; 12—14]. Аўтар пры напісанні артыкула выкарыстаў як Метрыку ВКЛ, так і дакументальныя крыніцы Расійскага дзяржаўнага архіва старажытных актаў [9; 21; 22].

Трэба адзначыць, што адносіны паміж дзяржавамі ў канцы XVI ст. абапіраліся на дагаворна-прававую базу, якая склалася ў выніку падпісання Ям-Запольскага перамір’я 1581—1582 гг., а потым неаднаразова змянялася і ўдакладнялася. Як вядома, у Ям-Заполлі па выніках Лівонскай вайны было падпісана перамір’е на 10 год. У 1584 г. кароль Рэчы Паспалітай С. Баторый пасля смерці Івана IV заявіў пра скасаванне дадзенага перамір’я і заключэнне новага. Кароль зыходзіў з непазбежнасці новага канфлікта паміж краінамі, таму не хацеў звязваць сябе дагаворнымі абавязкамі з новым царом Маскоўскай дзяржавы. У гэтым жа годзе падчас паспяховай дыпламатычнай місіі Рэчы Паспалітай у Маскву было падпісана перамір’е на 10 месяцаў. Маскоўскае пасольства начале з Ф. М. Траекуравым у лютым 1585 г. у Варшаве падоўжыла перамір’е на 2 гады да мая 1587 г. Апошнім пагадненнем паміж дзяржавамі перад смерцю С. Баторыя было перамір’е ад 6 верасня 1586 г., падпісанае ў Гродне прадстаўнікамі Маскоўскай дзяржавы Траекуравым і Пісемскім з Рэччу Паспалітай на 2 месяцы да жніўня 1587 г. [4, с. 81—82]. Такім чынам, Рэч Паспалітая імкнулася не падпісваць як вечнага міру, так і перамір’я на доўгі час, спадзяючыся распачаць вайну з усходняй суседкай. Знешнепалітычная стратэгія ВКЛ у адносінах да Масквы адрознівалася ад Кароны Польскай, асабліва ў 1586—1598 гг., аб чым мы будзем гаварыць далей.

Разглядаючы дыпламатычную актыўнасць ВКЛ падчас трэцяга «бескаралеўя» ў Рэчы Паспалітай, аўтар раздзяліў яе на два перыяды: 1) ад смерці С. Баторыя 12 снежня 1586 г. і да адкрыцця элекцыйнага сойму Рэчы Паспалітай 29 чэрвеня 1587 г.; 2) ад пачатку працы элекцыйнага сойму і да зацвярджэння падчас каранацыйнага сойма у Рэчы Паспалітай трэцяга Статута ВКЛ 30 студзеня 1588 г. Дадзеная перыядызацыя дазволіць выявіць асаблівасці дыпламатыі ВКЛ у адносінах да Маскоўскай дзяржавы, бо кожны перыяд меў сваю спецыфіку. Больш таго, будзе лагічна і з пункта гледжання ўнутрыпалітычных падзей у дзяржаве такім чынам раздзяліць перыяд «бескаралеўя».

Дакладна вядома, што апошнія гады свайго жыцця С. Баторый выношваў планы распачаць вайну супраць Маскоўскай дзяржавы. Так, на 2 лютага 1587 г. быў прызначаны сойм Рэчы Паспалітай, дзе б разглядаліся пытанні фінансавання вайны з усходнім суседам [23, s. 355]. Адначасова С. Баторый імкнуўся дамовіцца з Рымскай Імперыяй, каб яна выдаткавала для краіны грошы для вядзення вайны з Маскоўскай дзяржавай. Такі крэдыт быў дадзены толькі ў памеры 25 000 дукатаў, чаго, безумоўна, не хапала для пераможнай вайны [18, s. 14].

Планы вайны з Маскоўскай дзяржавай былі сарваны, паколькі 12 снежня 1586 г. памёр кароль і вялікі князь Рэчы Паспалітай С. Баторый. «Кароль Стэфан Баторы памёр, знаходзіўся на троне 10 гадоў, 7 месяцаў і 2 дні», — вось што запісана ў летапісу [2, с. 240]. У Варкалабаўскім летапісу так запісана з нагоды смерці караля: «Року 1586, месяца декабря 4 дня, часа 9 о полудни великий король польский Стефанъ Батура, княжа Семикградское, переставился, а поховано у Кракове» [3, с. 15].

Пры С. Баторыі ВКЛ змагло давесці да пераможнага канца Інфлянскую вайну, што толькі ўзвышала аўтарытэт вялікага князя ў літвінскім палітычным асяроддзі. Кароль добра разбіраўся ва ўнутраных справах федэрацыі абодвух народаў, гэта дало магчымасць да сярэдзіны 1580-х гг. амаль поўнасцю зняць супярэчнасці паміж Каронай Польскай і ВКЛ. Дадзеныя словы падцвярджае рускі гісторык А. Я. Прэснякоў, адзначая, што начале аб’яднанай дзяржавы стаяў чалавек вялікай энэргіі, рэальны палітык, які хутка разбіраўся ва ўнутраных адносінах сваіх новых уладанняў [8, с. 235]. Рускі гісторык М. М. Карамзін так апісвае сітуацыю вакол смерці караля і вялікага князя С. Баторыя: «Если бы жизнь и Гений Батория не угасли до кончины Годунова, то слава России могла бы навеки померкнуть в самом первом десятилетии нового века: столь зависима судьба Государств от лица и случая, или от воли Провидения!» [6, с. 80].

У працы невядомага аўтара «Яснавельможны пан Леў Сапега» выказваецца думка, што памерці кароль і вялікі князь С. Баторый мог з дапамогаю як маскоўскіх людзей, так і ад рук ворагаў караля ўнутры краіны [15, с. 49—50]. Верагодна, аўтар кнігі мае на ўвазе маскоўскіх паслоў, якія незадоўга да смерці караля былі ў яго з дыпламатычнай місіяй. Што датычыцца унутранай падаплёкі смерці, то аўтар спасылаецца на разважанні беларускага даследчыка Ю. Шаўцова, які падкрэслівае, што літвіны не падтрымлівалі ўсходнюю палітыку С. Баторыя, якая вяла да эканамічных страт падчас вайны з Маскоўскай дзяржавай [гл.: 15, с. 50].

Падчас трэцяга «бескаралеўя» на вакантны трон у Рэчы Паспалітай прэтэндавалі тры асноўныя кандыдата: прадстаўнік аўстрыйскага дому Эрцгерцаг Максімільян; сын шведскага караля Іаана III Жыгімонт і маскоўскі цар Фёдар Іванавіч [14, с. 125]. Ні адна з кандыдатур на першым этапе «бескаралеўя» не мела абсалютнай перавагі [16, s. 169]. Вось што запісана ў Баркулабаўскім летапісу з гэтай нагоды падтрымкі трох кандыдатур: «Литва вотовала на князя Московского, кролева вотовала на кролевича швецкого, и затымъ розехалися, не постановивши ничего доброго» [5, с. 8].

Адначасова з праблемай выбрання новага караля і вялікага князя Рэчы Паспалітай узнікла і праблема знешняй бяспекі дзяржавы, паколькі суседнія дзяржавы мелі матывацыю для ўмяшання ва ўнутраныя справы федэрацыі абодвух народаў. Так, 10 студзеня 1587 г. у Гродне шэсць каронных сенатараў начале з прымасам Карнкоўскім абмяркоўвалі пытанні супрацьстаяння Маскоўскай дзяржаве [10, с. 245]. Верагодна, што палякамі не было прыдумана нічога новага, як толькі паручыць весці дыпламатычную гульню з Маскоўскай дзяржавай прадстаўнікам ВКЛ.

Для абмеркавання ўсіх спрэчных пытанняў абрання караля Рэчы Паспалітай на 2 лютага 1587 г. склікаўся канвакацыйны сойм, месцам правядзення якога была абрана Варшава [20, с. 39; 23, с. 355; 24, с. 155]. Ужо ў Гродна прымас С. Карнкоўскі перанёс канвакацыйны сойм на 12 лютага 1587 г., таму што дэпутаты ад ВКЛ не паспявалі прыехаць ў гэты тэрмін [19, s. 262]. Адпаведна інструкцыям на 2 студзеня 1587 г. сазываліся павятовыя соймікі ВКЛ [23, s. 355].

На канвакацыйны сойм ад Княства былі накіраваны ваявода троцкі Я. Глябовіч, кашталян смаленскі Б. Сапега, падканцлер ВКЛ Л. Сапега і некаторыя прадстаўнікі шляхты [19, s. 262]. Ужо падчас канвакацыі вылучыліся асноўныя прэтэндэнты на вакантны трон. Літвінскія палітыкі вылучылі маскоўскага цара Фёдара Іванавіча: «Вы палякі абралі сабе двух каралёў, аберым мы сабе трэцяга» [23, s. 366]. Па словах беларускага даследчыка І. В. Саверчанкі, абранне на трон Рэчы Паспалітай Фёдара Іванавіча гарантавала б ВКЛ першынство ў федэрацыі і адначасова пазбаўляла Княства вайны з усходнім суседам [11, с. 25—26].

Чуткі пра смерць караля С. Баторыя ў канцы 1586 г. дайшлі да Масквы [14, с. 126]. Для праверкі адпаведнай інфармацыі і вырашэння спрэчных пытанняў Маскоўская дзяржава 16 студзеня 1587 г. накіравала ў Рэч Паспалітую пасланнікаў Я. Ржэўскага і З. Свіязева [1, с. 108; 9, л. 24—26; 14, с. 127; 21, s. 45; 22, s. 61]. Пасланнікі мелі інструкцыі на розныя выпадкі перагавораў, што гаворыць пра крапатлівую падрыхтоўку дадзенай місіі. Так, яны везлі даверчую грамату на імя сената Рэчы Паспалітай, лісты да паноў-рады ВКЛ ад цара і баяр, і асобна да паноў-рады Кароны Польскай ад цара і баяр. Былі падрыхтаваны асобныя лісты да вядучых палітыкаў як ВКЛ, так і Кароны, сярод якіх можна назваць ваяводу віленскага К. Радзівіла, канцлера ВКЛ А. Валовіча, аршанскага старасту Ф. Кміта Чарнобыльскага, браслаўскага ваяводу князя Збаражскага і інш. [14, с. 127].

Так, на імя паноў-рады Рэчы Паспалітай была напісана даверчая грамата, у якой адзначалася: «Послали есмо до васъ, до всихъ Пановъ Рад, посланиковъ своихъ — дворенина нашого и наместника можайского Елизаря Леонътеевича Ржевского да дъяка своего Захаря Григорева сына Свиязева, — а с ними к вамъ приказали есмо о некоторихъ великихъ делех говорити. И што они от насъ вамъ, Панамъ Радамъ, учнуть говорити, и вы бы имъ верили, то естъ наши речи» [21, s. 66].

У лісце маскоўскага цара на імя паноў-рады гаварылася наступнае: «Слухъ насъ дошолъ, што господара вашого Стефана, короля полского и великого князя литовского, не стало, а вы безгосподарны встали» [21, s. 61; 22, s. 54]. У лісце прапаноўвалася аб’яднаць дзве дзяржавы пад уладаю цара дзеля барацьбы супраць агульнага ворага [21, с. 61]. Фёдар Іванавіч, ведаючы пра шырокія шляхецкія вольнасці на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, абяцаў іх не толькі не парушаць, а і пашырыць: «А мы вашихъ панскихъ и всего рыцерства, и всее земли Коруны Польское и Великого Князства Литовского правъ и вольностеи парушивати ни в чомъ не хотим, еще и сверхъ вашего прежнего, што за вами нане есть, во всякихъ чинех и в отчинахъ прибавливати и свое жалованье наддавати хотимъ» [21, s. 62]. Інструкцыя Фёдара Іванавіча ўтрымлівала палажэнні абароны паўднёвых межаў ВКЛ і Кароны Польскай: «…а бесурмянская бъ рука над хрестиянствамъ не вышила се» [21, s. 62; 22, s. 55].

Дыпламатычны ліст ад баяр Маскоўскай дзяржавы да сенатараў Рэчы Паспалітай фактычна паўтараў ліст маскоўскага цара [22, s. 55—58]. У дадзеным лісце баяры звярталіся да прапаноў пасла М. Гарабурды 1586 г., дзе ішла размова аб аб’яднанні дзяржаў у выніку смерці аднаго з манархаў [21, s. 65]. Таксама нагадвалася пра непарушнасці шляхецкіх вольнасцей і ваенна-палітычны саюз супраць ворагаў [21, s. 65]. Для вырашэння канкрэтных пытанняў абрання Фёдара Іванавіча на трон Рэчы Паспалітай баяры прапаноўвалі федэрацыі выслаць да Маскоўскай дзяржавы вялікіх паслоў з адпаведнымі паўнамоцтвамі [21, s. 65].

Першая афіцыйная аўдыенцыя маскоўскіх пасланнікаў адбылася 17 сакавіка 1587 г. на тэрыторыі ВКЛ у Навагрудку, дзе сабраліся сенатары Княства [22, s. 59]. На аўдыенцыі маскоўскія пасланнікі гаварылі аб вялікай верагоднасці нападу на Рэч Паспалітую крымскіх татараў і туркаў: «И то все ставает ся за грехи хрестиянские, што такие незгоды хрестиянству учиняют се, а бесурмянская рука в такие времена возвышает се» [21, s. 66]. Як адзначае рускі гісторык М. М. Шчарбатаў, пасланнікаў Фёдара Іванавіча вельмі добра прынялі, а таксама засведчылі гатоўнасць выбраць на трон дзяржавы маскоўскага манарха, але толькі на супольным элекцыйным сойме агульнай Рэчы Паспалітай, куды і запрашалі дэлегацыю Маскоўскай дзяржавы [14, с. 130]. На пасяджэнні зноў гучала знешнепалітычная праблематыка, а менавіта жаданне палітыкаў заключыць мір з Маскоўскай дзяржавай і далучэнне Інфлянтаў да ВКЛ [23, s. 371—372].

Пасля аўдыенцыі падканцлер ВКЛ Л. Сапега і падскарбі ВКЛ Ф. Скумін сустрэліся з кіраўніком маскоўскай дэлегацыі Я. Ржэўскім і ў прыватнай гутарцы растлумачылі, што патрэбна зрабіць для выбрання на трон Рэчы Паспалітай. Умовы зводзіліся да наступнага: адправіць на элекцыйны сойм вялікае пасольства Маскоўскай дзяржавы; павінна прысутнічаць сяброўская рыторыка ў граматах і лістах да сената Рэчы Паспалітай; выдаткаваць грошы магнатам і шляхце для падтрымкі кандыдатуры Фёдара Іванавіча; каранацыя Фёдара Іванавіча ў Кракаве; пасля каранацыі знаходжанне па 1 году ў ВКЛ, Кароне і Маскоўскай дзяржаве, прыняцце каталіцкай веры [14, с. 130—131, 136].

Рускую кандыдатуру падтрымалі наступныя магнаты і шляхціцы ВКЛ: ваявода троцкі Я. Глябовіч, канцлер ВКЛ А. Валовіч, пінскі стараста Я. Збаражскі і інш. [14, с. 137]. Расійскі даследчык Б. М. Флоря, разглядаючы пазіцыю асобных магнатаў ВКЛ, не выключаў магчымасці разрыву Люблінскай уніі 1569 г. у выніку невыбрання на трон Рэчы Паспалітай Фёдара Іванавіча: «...в кругу литовских политиков обсуждалась возможность сепаратного “вынесения” царя на литовский великокняжеский стол» [13, с. 165].

Праз маскоўскіх пасланнікаў да Фёдара Іванавіча і маскоўскіх баяр былі накіраваны два лісты, датаваныя 15 мая 1587 г. [9, л. 440—441; 22, s. 61—64]. У лісце да маскоўскага цара сенатары ВКЛ падзякавалі яго за гарантыю не пачынаць вайну: «...сами от себе и именемъ всихъ иныхъ ихъ милости Пановъ Рад Коруны Полское и Великого Князства Литовского, брати нашое, вашеи милости, великому господару, дякуемъ» [21, s. 68]. У лісце прадстаўнікі ВКЛ выказваюць думку, што выслаць паслоў Рэчы Паспалітай да Фёдара Іванавіча з мэтаю яго абрання на каралеўскі трон нельга, бо гэта парушае прынцыпы шляхецкай дэмакратыі [21, s. 68]. Сенатары ВКЛ запрашалі на элекцыйны сойм прадстаўнікоў Маскоўскай дзяржавы: «...слати давши имъ моц зуполную и достаточную науку з нами и зо всихъ о добрых делехъ намовляти...» [21, s. 69].

Другі ліст паны-рада ВКЛ адсылалі да баяр маскоўскіх. Тэкст утрымліваў падобныя палажэнні да першага ліста. Таксама гаварылася, што ў планаваны тэрмін, 3 чэрвеня 1587 г., паслы ад Рэчы Паспалітай не змогуць прыехаць на мяжу Смаленска і Оршы для вырашэнне спрэчных пытанняў. Далей прапаноўвалася прыехаць маскоўскім паслам на элекцыю, дзе кароль будзе абірацца сумесна Каронай і ВКЛ: «Ино ижъ того не естъ у насъ обычаи, абы о таковомъ великоважномъ деле одны без другихъ, не будучи сполне не токмо з станомъ рыцерскимъ, але и сами Панове Рады» [21, s. 70].

Такім чынам, падводзячы вынік дыпламатычнай місіі маскоўскіх пасланнікаў, трэба адзначыць, што перагаворы праходзілі на тэрыторыі ВКЛ з удзелам вядучых палітыкаў Княства. Карона Польская не прымала ўдзел у перагаворах, даўшы магчымасць дыпламатам Княства зыходзіць з сваіх знешнепалітычных інтарэсаў, тым не менш літвіны былі зацікаўлены выбраць новага караля і вялікага князя на супольным элекцыйным сойме Рэчы Паспалітай. Кандыдатура Фёдара Іванавіча была папулярна сярод палітычнай эліты ВКЛ, што давала вялікія шансы пры абранні на элекцыйным сойме.

Трэба адзначыць, што яшчэ на з’ездзе сенатараў ВКЛ, які пачаўся 6 студзеня 1587 г., былі выпрацаваны інструкцыі літвінскім пасланнікам, якія накіроўваліся ў Маскву для выканнання дыпламатычнай місіі. Падымалася шырокае кола пытанняў, сярод якіх найважнейшымі былі заключэнне мірнага пагаднення з Маскоўскай дзяржавай і прапанова Фёдару Іванавічу выставіць сваю кандыдатуру на трон Рэчы Паспалітай [23, s. 358].

20 лютага 1587 г. з варшаўскага канвакацыйнага сойму да вялікага князя Маскоўскага і баяр Маскоўскай дзяржавы былі накіраваны два пасланнікі ВКЛ: Пётр Чарнікоўскі і князь Багдан Агінскі [1, с. 108]. Пры пасланніках было некалькі дыпламатычных дакументаў. Першы дакумент — ліст ад імя сенатараў Рэчы Паспалітай, а таксама ўсіх станаў ВКЛ і Кароны Польскай на імя маскоўскага цара [21, s. 53]. У дадзеным дакуменце інфармавалася аб смерці караля і вялікага князя Рэчы Паспалітай С. Баторыя: «Ознаимуем вашеи милости, ижъ волею Божею господара нашого, великого господара Стефана, короля полского и великого князя литовского, брата вашеи милости, в животе не стало, Богъ Сотворитель з воли свое бозское взялъ душу его милости до фалы свое светое месяца декабря дванадцатого дня...» [21, s. 54]. У другой частцы дакумента гаварылася аб пераносе тэрміна перагавораў на р. Іваце, паколькі дэлегацыя Рэчы Паспалітай магчыма не паспее прыехаць ў пазначаны тэрмін [21, s. 54—55]. Другі дакумент накіроўваўся да баярскай думы і поўнасцю супадаў са зместам першага ліста [21, s. 55—56; 22, s. 66—70]. Трэцім дакументам была інструкцыя пасланнікам Рэчы Паспалітай. Сенатары запрашалі на элекцыю паслоў Маскоўскай дзяржавы [21, s. 59].

6 красавіка 1587 г. прадстаўнікі ВКЛ прыехалі ў Маскву, дзе 27 красавіка адбылася аўдыенцыя ў цара Фёдара Іванавіча [21, s. 78]. Падчас перагавораў размова ішла пра абранне караля і вялікага князя Рэчы Паспалітай, падкрэслівалася перавага рускага цара над астатнімі кандыдатамі. У выніку абрання на трон Фёдара Іванавіча гарантавалася абарона паўднёва-усходніх межаў ад турак і татараў [12, с. 284—286; 19, s. 265].

Трэба адзначыць, што ў палітычным асяроддзі ВКЛ маскоўскага цара Фёдара Іванавіча лічылі нездольным палітыкам; пра гэта казаў яшчэ ў 1584 г. Л. Сапега, пасля таго як пабываў з пасольствам у Маскве: «Царь Фёдар ростом мал, довольно худощав, с простодушным лицом, ум имеет скудный или, как я слышал и сам заметил, не имеет никакого, так как, он не переставал улыбаться, любуясь своим скипетром и держовой» [7, с. 4]. Верагодна, палітыкі ВКЛ разлічвалі, што цар у выніку абрання на трон Рэчы Паспалітай перадасць вырашэнне дзяржаўных спраў у ВКЛ сенатарам Княства.

Падчас аўдыенцыі было падпісана перамір’е на наступных умовах: перамір’е паміж дзяржавамі падоўжвалася з 3 жніўня 1587 г. да 1 лістапада 1588 г.; падчас перамір’я забаранялася распачынаць узброеныя канфлікты; замацоўваліся свабоднае перамяшчэнне маскоўскіх паслоў на элекцыйны сойм у Варшаву; свабода гандлю паміж дзяржавамі [22, s. 70—72].

Подпісы пад перамірнай граматай паставілі з боку Маскоўскай дзяржавы — Фёдар Міхайлавіч Траекураў, Андрэй і Васілій Шчалкалавы, з боку Рэчы Паспалітай — прадстаўнікі ВКЛ Пётр Чарнікоўскі і Багдан Агінскі [21, s. 78; 22, s. 72].

Для ўзгаднення спрэчных пытанняў сярод палітычнай эліты ВКЛ напярэдадні элекцыйнага сойма Рэчы Паспалітай на 8 чэрвеня 1587 г. быў прызначаны Генеральны сойм Княства. Працаваў ён 7 дзён да 15 чэрвеня 1587 г. Трэба адзначыць, што адзінства сярод палітычнага асяроддзя ВКЛ наконт кандыдата не было. Былі прыхільнікі ўсіх трох кандыдатаў. Асабліва папулярнай была кандыдатура Фёдара Іванавіча [19, s. 265—266]. Літвіны дамовіліся патрабаваць ад новага караля зацвердзіць новы Статут ВКЛ і вярнуць Інфлянты [23, s. 372—373].

Падводзячы вынік пад першым этапам «бескаралеўя» ў Рэчы Паспалітай, трэба адзначыць, што са смерцю караля С. Баторыя знешнепалітычная ініцыятыва ў двухбаковых адносінах перайшла ад Рэчы Паспалітай да Маскоўскай дзяржавы, фактычна федэрацыя стала аб’ектам знешняй палітыкі вядучых дзяржаў Еўропы. Батарыянскія планы новай вайны з усходняй суседкай адышлі на другі план. Маскоўская дзяржава, як і іншыя дзяржавы Еўропы, прадэманстравала сваю рашучасць узвесці на каралеўскі трон Фёдара Іванавіча, адначасова імкнулася абараніць свае знешнепалітычныя інтарэсы. Дыпламатыя Княства была накіравана на вырашэнне спрэчных пытанняў з Маскоўскай дзяржавай мірным шляхам. Дзякуючы шматлікім дыпламатычным акцыям, ВКЛ забяспечыла трывалы мір на ўсходняй мяжы. У сваёй большасці магнаты і шляхта Княства падтрымлівалі ідэю аб’яднання дзвюх дзяржаў шляхам выбрання на трон Фёдара Іванавіча, хаця і патрабавалі ад маскоўскага цара выканання вельмі складаных ўмоў. Частка палітычнай эліты падтрымала кандыдатуру Эрцгерцага Максімільяна і сына шведскага караля Жыгімонта. У адзначаны перыяд стасункі з Масквой поўнасцю былі ў кампетэнцыі Княства, што стварала трывалы падмурак для адстойвання сваіх інтарэсаў як у Рэчы Паспалітай, так і па-за яе межамі. Дзве дыпламатычныя місіі засведчылі жаданне ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы знайсці кампраміс, што з цяжкасцю можна прасачыць у адносінах паміж Каронай Польскай і Маскоўскай дзяржавай.

Літаратура

1. Бантыш-Каменский, Н. Н. Обзор внешних сношений России (по 1800 год). Ч. 3: Курляндия, Лифляндия, Эстляндия, Финляндия, Польша и Португалия / Н. Н. Бантыш-Каменский. — М.: Тип. Э. Лисснера и Ю. Романа, 1897. — 319 с.
2. Белорусско-литовские летописи / сост. и авт. предисл. Н. Н. Улащик // Полное собрание русских летописей. — Т. 35. — М.: Наука, 1980.— 306 с.
3. Варколабовская летопись / под ред. действительного члена комитета Е. Р. Романова. — 1910. — [31] л.
4. Геополитические факторы во внешней политике России: вторая половина XVI — начало XX века: к 100-летию академика А. Л. Нарочницкого / А. В. Игнатьев [и др.]. — М.: Наука, 2007. — 358, [1] с.
5. Довнар-Запольский, М. В. Баркулабовская летопись / М. В. Довнар-Запольский. — Киев: Тип. Император. Ун-та св. Владимира Н. Т. Корчак-Новицкого, 1908. — [2], 38, 12 с.
6. Карамзин, Н. М. История государства Российского. В 4 кн. Кн. 4. Т. 10—12 / Н. М. Карамзин. — М.: РИПОЛ классик, 2001. — 734, [1] с.
7. Михайлов, В. А. Великая разруха Государства Московского и начало Дома Романовых, 1613—1913 / В. А. Михайлов. — Н. Новгород: Нижегор. губерн. земство, 1913. — 72 с.
8. Пресняков, А. Е. Лекции по русской истории. Западная Русь и Литовско-русское государство. Т. II. Вып. I / А. Е. Пресняков. — М.: Соцэкгиз, 1939.— 284 с.
9. Отношения России и Польши // Рос. гос. архив древних актов. — Фонд 79. — Оп. 1. — Д. 17.
10. Рахуба, А. Вялікае Княства Літоўскае ў парламенцкай сістэме Рэчы Паспалітай 1569—1763 гг.: пер. з пол. / А. Рахуба. — Мінск: Медысонт, 2008. — 423 с.
11. Саверчанка, І. В. Канцлер Вялікага Княства: Леў Сапега / І. В. Саверчанка. — Мінск: Навука і тэхніка, 1992. — 63 с.
12. Соловьев, С. М. История России с древнейших времен. 1584—1613 / С. М. Соловьев. — Кн. IV. — М.: АСТ; Харьков: Фолио, 2001. — 960 с.

13. Флоря, Б. Н. Русско-польские отношения и политическое развитие Восточной Европы во второй половине ХVІ — начале ХVІІ вв. / Б. Н. Флоря. — М., 1978. — 300 с.
14. Щербатов, М. М. История российская от древнейших времен. Т. 6: От начала царствования царя Федора Иоанновича до его кончины. Ч. 1: От возшествия на престол царя Феодора Иоанновича до убиения царевича Димитрия / М. М. Щербатов. — Спб.: При Имп. Акад. наук, 1790. — 362 с.
15. Яснавельможны пан Леў Сапега. — Гомель: Парадокс, 2001. — 199 с.
16. Bohomolec, F. Życie Jana Zamoyskiego / F. Bohomolec. — Radom, 1830. — 287 s.
17. Diariusze sejmowe roku r. 1587: sejmy konwokacyjny i elekcyjny / wyd. A. Sokolowski. — Kraków: Człąnkami drukarni Uniwersytetu Jagiellońskiego, 1887. — XIII. — 269 s.
18. Jankowski, T. Smierc Stefana Batorego w Grodnie / T. Jankowski. — Grodno: Wyd-wo Magistratu Miasta Grodna, 1930. — 74 s.
19. Kempa, T. Mikolaj Krzysztof Radziwill Sierotka, 1549—1616: Wojewoda Wilenski / T. Kempa. — Warszawa: Semper, 2000. — 381 s.
20. Krolowie elekcyjni: Leksykon biograficzny / J. Bylinski [et al.]. — Krakow: Wyd-wo Literackie, 1997. — 280 s.
21. Lietuvos metrika / Lietuvos istorijos institutas. Kn. 593: (1585—1604): Diplomatinių reikalų knyga: Book of diplomatic relations: Księga dyplomatycznych spraw / parengė Algirdas Baliulis. — Vilnius: Lietuvos istorijos institutas leidykla, 2009. — 293 p.
22. Lietuvos metrika / Lietuvos istorijos institutas. Kn. 594: (1585—1600) / parengė Algirdas Baliulis. — Vilnius: Lietuvos istorijos institutas leidykla, 2006. — 297 p.
23. Lulewicz, H. Gniewów o unii ciąg dalszy. Stosunki polsko-litewskie w latach 1569—1588 / H. Lulewicz. — Warszawa, 2002. — 457 s.
24. Rachuba, A. Wielkie Księstwo Litewskie w systemie Parlamentarnym Rzeczypospolitej w latach 1569—1763 / A. Rachuba. — Warszawa, 2002. — 376 s.
25. Wójcik, Z. Tendencje separatystyczne w Wielkim Księstwie Litewskim w XVII wieku / Z. Wójcik // Belarus, Lithuania, Poland, Ukraine. The Foundations of historical and cultural Traditions in East Central Europe. — Lublin, 1994. — S. 58—68.

 
 
I Летняя школа по праву беженцев
Конкурс_научных_работ_2018
3
2
1
Телефоны "горячей линии"
Памятка для украинцев