Версия для печати

журнал международного права и международных отношений 2014 — № 1


международные отношения

Дзейнасць мытных і памежных органаў у барацьбе супраць нелегальнай міграцыі а мяжы Беларусі і Еўрапейскага саюза

Дзмітрый Кавалёнак, Канстанцін Нашчынец

Аўтар:
Кавалёнак Дзмітрый Вітальевіч — старшы выкладчык кафедры мытнай справы факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта
Нашчынец Канстанцін Мікалаевіч — студэнт аддзялення «Мытная справа» факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта

Рэцэнзенты:
Астрога Віктар Аляксандравіч — кандыдат гістарычных навук, дацэнт, загадчык кафедры мытнай справы факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта
Асаёнак Барыс Валер’евіч — кандыдат юрыдычных навук, дацэнт, начальнік кафедры спецыяльных дысцыплін Дзяржаўнага інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў мытных органаў Рэспублікі Беларусь


Дадзены артыкул прысвечаны дзейнасці мытных і памежных органаў у барацьбе супраць нелегальнай міграцыі на мяжы Рэспублікі Беларусь і ЕС. Праводзяцца аналіз і ацэнка эфектыўнасці дзейнасці кантралюючых органаў Рэспублікі Беларусь з улікам дэталёвага разбору прычын, праблем незаконнага перасячэння беларускага ўчастка мытнай мяжы ў бок ЕС, а таксама пошук аптымальных выйсцяў. Даказваецца ўплыў якаснай барацьбы мытнай і памежнай служб Беларусі на ўсталяванне добрасуседскіх зносін з ЕС, магчымасць атрымання дадатковай фінансавай падтрымкі развіцця мытнай інфраструктуры. Звяртаецца ўвага на тое, што нелегальную міграцыю трэба разглядаць як адну з сур’ёзных перашкод на шляху падпісання пагаднення з ЕС аб бязвізавым рэжыме і малым прымежжы, а таксама на тое, што барацьба кантралюючых органаў Беларусі з нелегальнай міграцыяй — адна з магчымасцей прадэманстраваць ЕС і ўсёй сусветнай супольнасці значнасць, ролю і магчымасці мытных і памежных органаў Рэспублікі Беларусь.


Колькасць незаконных мігрантаў, якія спрабуюць трапіць у Еўрапейскі саюз, імкліва павялічваецца, а іх маршруты праз знешнія межы Шэнгенскай зоны становяцца ўсё больш разнастайнымі. Прычыны на тое розныя: ад розніцы ва ўзроўні жыцця да войнаў і канфліктаў на радзіме.

Ацаніць рэальныя маштабы нелегальнай міграцыі з высокай доляй дакладнасці наўрад ці магчыма. Разам з тым бясспрэчна адзначаецца, што найбольшая колькасць незаконных мігрантаў засяроджана ў Францыі, Германіі, Нідэрландах, Іспаніі, Італіі і Вялікабрытаніі, а асноўнымі донарамі міграцыйных патокаў з’яўляюцца Афганістан, Албанія, Ірак, Палестына, Самалі, а таксама дзяржавы Сярэдняй Азіі і Закаўказзя.

Надзвычай зручнае геапалітычнае становішча Рэспублікі Беларусь спрыяе не толькі росквіту знешняга гандлю і транзіту тавараў праз мытную мяжу Мытнага саюза Рэспублікі Беларусь, Рэспублікі Казахстан і Расійскай Федэрацыі ў рамках Еўразійскай эканамічнай супольнасці, але і выкарыстанню тэрыторыі Беларусі ў якасці транзітнага калідора для перамяшчэння мігрантаў у прымежныя вобласці. З улікам мер, якія прымаюцца дзяржавай, працэс нелегальнай міграцыі працягвае набываць рысы арганізаванасцi, што ўскладняе супрацьдзеянне яму.

Пытанне дзейнасці мытных і памежных органаў Рэспублікі Беларусь у барацьбе супраць нелегальнай міграцыі на мяжы нашай краіны і ЕС не набыло шырокаганавукова-тэарэтычнага распаўсюджвання. Між тым, існуе шэраг даследаванняў, якія датычацца памежнага кантролю ўвогуле, непасрэдна не кранаючы ўчастак Беларусі і ЕС (І. Загорац [6], А. Маслянкова [8], А. Музыка [7], А. Карэліна [9], А. Садоўская [28]). Такім чынам, прадстаўлены вузкі погляд на праблему будзе ў пэўнай ступені ўнікальным. Мэта дадзенага артыкула — прааналізаваць і ацаніць дзейнасць мытных і памежных органаў у барацьбе супраць нелегальнай міграцыі на мяжы Беларусі і ЕС і вызначыць перспектывы развіцця дадзенага напрамку.

У 2013 г. колькасць парушальнікаў беларускай мяжы павялічылася на 50 %: калі за першую палову 2012 г. было выяўлена 244 нелегалы, то за такі ж перыяд 2013 г. — 366 парушальнікаў, з іх больш за 85 % спрабавалі трапіць у краіны Заходняй Еўропы. Пры гэтым амаль на 60 % узрасла колькасць парушальнікаў мяжы, затрыманых па-за пунктамі пропуску [15]. У дачыненні да больш за 1 тыс. замежных грамадзян былі ўжыты меры прымусу, звязаныя з дэпартацыяй (дэпартацыя — адміністрацыйнае выправаджэнне за межы Рэспублікі Беларусь — ужываецца ў адносінах да замежнага грамадзяніна і асобы без грамадзянства) [7, арт. 6.11]. У адносінах да больш за 900 замежных грамадзян, якія не выконвалі ўстаноўленыя правілы знаходжання ў краіне альбо груба парушалі дзеючае заканадаўства Беларусі, прынята рашэнне аб высылцы [25] (у адрозненне ад дэпартацыі [4] высылка не з’яўляецца пакараннем за адміністрацыйнае правапарушэнне і можа ажыццяўляцца ў рамках працэдуры экстрадыцыі).

У дадзеных умовах аналіз і ацэнка эфектыўнасці дзейнасці кантралюючых органаў Рэспублікі Беларусь, дэталёвы разбор прычын незаконнага перасячэння беларускага ўчастка мытнай мяжы ў бок ЕС, а таксама пошук аптымальных выйсцяў бачацца надзвычай актуальнымі. Акрамя таго, не выклікае сумнення мэтазгоднасць каардынацыі дзеянняў, якая ажыццяўляецца ўсімі кантралюючымі органамі ў пунктах пропуску на Дзяржаўнай мяжы, прымянення такімі органамі адзінай сістэмы аналізу і кіравання рызыкамі, памяншэння колькасці форм дагляду, звязаных з выгрузкай, пералікам, перавесам тавару (у тым ліку мытны дагляд), якія праводзяцца рознымі кантралюючымі органамі.

У сувязі з гэтым адным з крокаў, накіраваных на забеспячэнне эфектыўнасці кіравання мяжой і, адпаведна, процідзеянне незаконнай міграцыі, з’яўляецца рэалізацыя прынцыпу «Дзве службы на мяжы», сутнасць якога заключаецца ў засяроджванні асноўных кантрольных функцый зацікаўленых міністэрстваў (Міністэрства транспарту і камунікацый (аўтамабільны кантроль), Міністэрства аховы здароўя (санітарна-каранцінны (эпідэміялагічны) кантроль), Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання (ветэрынарны і фітасанітарны кантроль) у пунктах пропуску мытнай і памежнай служб.

З 1 студзеня 2014 г. рэалізавана перадача аўтамабільнага і вагагабарытнага кантролю ў аўтадарожных пунктах пропуску мытным і памежным органам. Правядзенне дакументальнага ветэрынарнага, фітасанітарнага і санітарна-эпідэміялагічнага кантролю плануецца перадаць мытным органам у 2015 г.

З апорай на прадстаўленыя ў нацыянальных і міжнародных сродках масавай інфармацыі дадзеныя па міграцыі ў артыкуле будзе вызначана роля мытных і памежных органаў Рэспублікі Беларусь на ўчастку мяжы з ЕС у барацьбе з патокамі нелегальнай міграцыі ў краіны Захаду. У якасці асноўных задач можна выдзеліць доказ уплыву якаснай барацьбы службаў Беларусі на мяжы з нелегальнай міграцыяй на ўсталяванне добрасуседскіх зносін з ЕС, магчымасці атрымання дадатковай фінансавай падтрымкі развіцця мытнай інфраструктуры, а таксама засяроджанне ўвагі супольнасці, у тым ліку сусветнай, на неабходнасць адэкватнага асвятлення ў СМІ дзеянняў памежнай і мытнай служб дзеля павышэння іх іміджу і PR-рэйтынгу, правядзення стратэгічнай палітыкі, якая ахоплівае пытанні еўрапейскай бяспекі, яе сацыяльна-эканамічнага і палітычнага характару.

Роўнасць правоў і свабод замежных грамадзян і асоб без грамадзянства на тэрыторыі Беларусі, а таксама выкананне такімі асобамі абавязкаў нароўні з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь замацавана ў артыкуле 11 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Парадак ўезду, знаходжання на тэрыторыі або выезду з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь замежных грамадзян і асоб без грамадзянства рэгулюецца шэрагам нацыянальных нарматыўных прававых актаў [16—24].

Тэрмін «незаконная міграцыя» заканадаўствам Рэспублікі Беларусь не вызначаны. Разам з тым, аналізуючы вышэй адзначаныя нарматыўныя акты, яго магчыма акрэсліць як незаконны ўезд у Рэспубліку Беларусь, знаходжанне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, транзітны праезд (транзіт) праз тэрыторыю Рэспублікі Беларусь або выезд з Рэспублікі Беларусь замежных грамадзян або асоб без грамадзянства (далей — замежнікі).

Непасрэднае суседства з дзяржавамі Еўрасаюза з’яўляецца галоўнай прычынай таго, што Рэспубліка Беларусь у кантэксце незаконнай міграцыі замежнікаў з’яўляецца для апошніх у большай ступені дзяржавай транзіту, чым дзяржавай прызначэння.

Маніторынгавыя мерапрыемствы, якія праводзяцца праваахоўнымі органамі Рэспублікі Беларусь паралельна з мерамі, распрацаванымі і ўсталяванымі ў сферы супрацьстаяння незаконнай міграцыі, дазволілі вылучыць на сённяшні дзень асноўныя ўнутраныя і знешнія фактары, якія з’яўляюцца, па сутнасці, прычынамі незаконнай міграцыі замежнікаў як у Рэспубліку Беларусь, так і праз яе тэрыторыю.

Да ўнутраных фактараў адносяцца:

— адсутнасць аховы Дзяржаўнай мяжы на ўсходнім кірунку;

— магчымасць свабоднага бязвізавага перамяшчэння грамадзян дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў і Грузіі [27].

Знешнімі фактарамі, якія спрыяюць незаконнай міграцыі, з’яўляюцца:

— нестабільнасць сацыяльна-эканамічнай абстаноўкі ў краінах зыходу мігрантаў (Кыргызстан, Таджыкістан, Эрытрэя, Нігерыя і інш.);

— нестабільнасць палітычнай абстаноўкі ў краінах зыходу мігрантаў, наступствы войнаў, узброеных канфліктаў, рэлігійнай і расавай нецярпімасці і т. п. (Сірыя, Егіпет, Ірак і інш.);

— актыўная злачынная дзейнасць арганізатараў незаконнай міграцыі [27].

У выніку ўвядзення ў 2003 г. крымінальнай адказнасці [29] за арганізацыю незаконнай міграцыі ў перыяд з 2006 па 2012 г. больш за 200 асоб, якія маюць дачыненне да арганізацыі незаконнай міграцыі, былі прыцягнуты да крымінальнай адказнасці [27].

Можна выдзяліць характэрныя спосабы незаконнай міграцыі праз тэрыторыю Беларусі.

1. Незаконны ўезд у рэспубліку і выезд з яе па-за устаноўленых пунктаў пропуску на Дзяржаўнай мяжы.

Фарміраванне груп мігрантаў ажыццяўляецца ў краіне паходжання, пасля чаго іх уезд у Беларусь ажыццяўляецца з тэрыторыі Расіі на чыгуначным або аўтамабільным транспарце. Як правіла, такія мігранты не маюць сапраўдных беларускіх віз. У цяперашні час да адпраўкі рыхтуюцца ў асноўным невялікія па колькасці групы. У якасці памочнікаў прыцягваюцца асобы з ліку жыхароў населеных пунктаў ля мяжы, якія добра ведаюць мясцовасць і валодаюць інфармацыяй аб рэжыме і маршрутах патрулявання мяжы кантралюючымі органамі.

2. Законны ўезд у краіну і выезд з яе па падробленых дакументах.

Некаторыя замежнікі, атрымаўшы запрашэнне на навучанне ў Рэспубліцы Беларусь, пасля афармлення ўязной візы Рэспублікі Беларусь да месца навучання не прыбываюць. Сустракаюцца выпадкі, калі замежныя студэнты, якія не прыбылі на навучанне, затрымліваюцца памежнай ці мытнай службай або органамі ўнутраных спраў пры замаху на незаконнае перасячэнне Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь з мэтай нелегальнай міграцыі ў краіны ЕС альбо за незаконнае знаходжанне на тэрыторыі нашай дзяржавы ці ажыццяўленне прадпрымальніцкай дзейнасці [27].

У кастрычніку 2013 г. буйны канал незаконнай міграцыі быў спынены ў Пастаўскім раёне. Ва ўпраўленне па Віцебскай вобласці Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь паступіла аператыўная інфармацыя аб ўдзельніках міжнароднай злачыннай групы, якая мела дачыненне да арганізацыі канала незаконнай перапраўкі грамадзян В’етнама і Афганістана ў краіны Еўрасаюза. Падчас сумеснай з іншымі ведамствамі спецаперацыі на выездзе з Пастаў былі затрыманы чатыры аўтамабілі пад кіраваннем грамадзян Расіі і Таджыкістана, якія незаконна завезлі ў Беларусь для наступнай перапраўкі ў Літву праз ўчастак беларуска-літоўскай мяжы ў Браслаўскім раёне 19 нелегалаў: 15 грамадзян Афганістана, у тым ліку 8 дзяцей, і 4 грамадзян В’етнама. Названыя асобы не мелі беларускіх ўязных віз [11].

Нярэдка арганізатары незаконнай міграцыі маюць устойлівыя сувязі ў дыяспарах як у краінах прызначэння (Францыя, Чэхія, Германія, Польшча, Нідэрланды і інш.), так і ў дзяржавах транзіту (Украіна, Расійская Федэрацыя, Рэспубліка Беларусь) незаконных мігрантаў. Сфарміраваныя злачынныя групы ў дыяспарах ажыццяўляюць падрыхтоўку да незаконнага перасячэння мяжы па падробленых дакументах, што ўключае ў сябе бездакорны выраб бланкаў нацыянальных пашпартоў розных дзяржаў і іх далейшую перасылку да месца знаходжання незаконных мігрантаў. У цяперашні час злачыннымі арганізацыямі, якія займаюцца перапраўкай людзей, выкарыстоўваюцца падробленыя пашпарты новых краін — членаў Еўрасаюза і этнічна блізкіх да іх дзяржаў. Для грамадзян Кітая характэрна выкарыстанне пашпартоў Тайваня і Японіі, грамадзян Ірака — пашпартоў краін Блізкага Ўсходу, Кубы і Партугаліі, грамадзян Шры-Ланкі — пашпартоў Індыі, грамадзян Малдовы і Украіны — пашпартоў Літвы.Захоўваецца актыўнасць патоку незаконнага перасячэння мяжы грамадзянамі Грузіі, Арменіі, Нігерыі, Афганістана, Пакістана, Конга, Шры-Ланкі, якія маюць намер незаконна трапіць на тэрыторыю Еўрасаюза [12].

Найбольшую асцярогу выклікае тая акалічнасць, што патокі незаконных мігрантаў ствараюць спрыяльныя ўмовы для супрацьпраўнай дзейнасці, у прыватнасці для функцыянавання каналаў кантрабанды наркотыкаў, зброі, гандлю людзьмі, вываду з зон баявых дзеянняў членаў тэрарыстычных фарміраванняў і перамяшчэння сродкаў здзяйснення актаў тэрарызму.

У дадзеным кантэксце заслугоўвае ўвагі факт затрымання ў красавіку 2012 г. пяці грамадзян Егіпта. Названыя замежнікі знаходзіліся ў Беларусі нелегальна, атрымаўшы сапраўдныя расійскія візы, і мелі намер пранікнуць у адну з краін Заходняй Еўропы. У ходзе правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў быў устаноўлены факт удзелу названых асоб у баявых дзеяннях на тэрыторыі Егіпта і шэрагу іншых краін Блізкага Ўсходу.

У красавіку 2012 г. спынена спроба арганізацыі канала незаконнай міграцыі злачыннай групай у складзе двух грамадзян Расіі і грамадзяніна Індыі з месцам пастаяннага жыхарства ў Расійскай Федэрацыі, якія спрабавалі наладзіць канал перапраўкі замежнікаў з краін азіяцкага рэгіёну праз Рэспубліку Беларусь на тэрыторыю Латвіі, Германіі і іншых краін Еўрасаюза [27].

Нягледзячы на адсутнасць фактаў выяўлення ахвяр гандлю людзьмі сярод замежнікаў, затрыманых на тэрыторыі Беларусі ў складзе груп незаконных мігрантаў, наяўная статыстыка сведчыць аб тым, што для ажыццяўлення гэтай злачыннай дзейнасці выкарыстоўваюцца, у тым ліку, каналы незаконнай міграцыі. Так, усяго з 2001 па 2012 г. выяўлена 1626 злачынстваў, звязаных з незаконным вывазам асоб за межы дзяржавы [27].

У 2012 г. 1905 нелегальных імігрантаў былі дэпартаваныя з ЕС назад у Беларусь. (Паводле слоў прэс-сакратара Міністэрства замежных спраў Беларусі А. Савіных, перамовы аб спрашчэнні візавых фармальнасцей з Еўрасаюзам тармозіць патрабаванне ЕС аб адначасовым падпісанні пагаднення аб рэадмісіі. Рэадмісія — згода дзяржавы на прыём назад на сваю тэрыторыю сваіх грамадзян (а таксама, у некаторых выпадках, іншаземцаў, якія знаходзіліся або пражывалі ў гэтай дзяржаве), якія падлягаюць дэпартацыі з іншай дзяржавы) [10]. Большасць беларусаў былі дэпартаваны з Польшчы і Літвы — 1020 чалавек. Цікава, што за імі ідуць Швецыя (325 імігрантаў, 250 — дэпартаваныя) і Германія (215 чалавек). Калі чалавек парушае правілы пражывання (пратэрмінаванне візы або правапарушэнні) або калі яму адмоўлена ў прадастаўленні прытулку і ён не хоча вяртацца дадому, прымаецца рашэнне аб дэпартацыі. Большасць людзей, дэпартаваных з Нідэрландаў (135), трапляюць у гэтую катэгорыю. Цікава, што Беларусь дэпартуе такую ж колькасць замежнікаў са сваёй тэрыторыі кожны год. Напрыклад, 2017 чалавек былі дэпартаваны ў 2009 г. і 1004 — у першай палове 2012 г. [33].

У 2012 г. на «зялёнай мяжы» (тэрмін, які выкарыстоўваецца для характарыстыкі часткі мяжы дзяржавы паміж пунктамі пропуску. Водная мяжа — рачная або берагавая лінія — таксама можа называцца «блакітнай мяжой») затрымана 293 нелегалы, у тым ліку на мяжы з Польшчай — 85 чалавек, з Латвіяй — 79, з Літвой — 108 [2].

Дэпартацыя аднаго нелегала ў сярэднім абыходзіцца дзяржаве ў 1000 дол. ЗША (кошт квіткоў у адзін канец і выдаткі на ўтрыманне затрыманага ў прыёмніку-разьмеркавальніку) [5].

Варта адзначыць перавагу выхадцаў з Каўказу сярод мігрантаў. У жніўні 2013 г. нямецкая газета «Frankfurter Allgemeine» апублікавала інфармацыю, прадстаўленую нямецкай паліцыяй, паводле якой кожны тыдзень прыкладна адна чачэнская вёска перасякае беларуска-польскую мяжу. За апошні год паток чачэнскіх мігрантаў у Германію ўзрос у 10 разоў. У першай палове 2013 г. 9957 расійскіх грамадзян звярнуліся з просьбай аб прытулку ў Германіі, большасць з іх паходзіла з Чачэнскай Рэспублікі. Беларуская міліцыя дае больш статыстычных дадзеных: у мінулым годзе 20 тыс. чалавек спрабавалі перасеч мяжу і папрасілі прытулку. 11 тыс. з іх былі адпраўлены назад у Беларусь для далейшай перадачы іх у Расію [34]. Разам з тым адсутнасць памежнага кантролю між Расіяй і Беларуссю прыводзіць да таго, што тыя, хто не трапіў у ЕС, вяртаюцца ў раёны Беларусі ля мяжы і на працягу некалькіх месяцаў спрабуюць здзейсніць нелегальнае перамяшчэнне.

Чачэнцы з’яўляюцца таксама і абсалютнымі лідэрамі па колькасці заявак на атрыманне прытулку. Для параўнання: за першую палову 2012 г. з Сірыі, другой па колькасці бежанцаў краіны, дзе палае грамадзянская вайна, у Германію трапілі 4517 чалавек, у той жа час з Чачні ў Германію пераправіліся ў 2 разы больш — 9957 чалавек. Са студзеня па жнівень 2013 г. колькасць заявак на атрыманне статусу бежанца ў Германіі ад расійскіх грамадзян вырасла з 1441 амаль да 13 000, што з’яўляецца самым вялікім паказчыкам сярод усіх краін — амаль кожны чацвёрты бежанец у Германіі на дадзены момант прыбывае туды з Расійскай Федэрацыі [1].

Акрамя нелегальнай міграцыі, «шукальнікі заходняга прытулку» ўмела выкарыстоўваюць палажэнні Канвенцыі 1951 г. аб статусе бежанцаў, якія дазваляюць высылку бежанцаў у інтарэсах дзяржаўнай бяспекі, але забараняюць іх вяртанне ў дзяржаву, з якой яны беглі, баючыся пераследу. Паводле ацэнак супрацоўнікаў германскай паліцыі, за адзін раз прытулку на прапускным пункце могуць папрасіць да 300 чачэнцаў. Першы этап міграцыйнага адсеву адбываецца прама на мяжы. Тых, каму ўдаецца пераканаць памежнікаў у правамернасці сваёй заяўкі на атрыманне статусу бежанца, адпраўляюць у спецыяльны міграцыйны цэнтр [1].

Неабходна адзначыць неаптымістычныя погляды на перспектыву незаконнай міграцыі праз беларускую мяжу пэўных ваенных журналістаў: «…Працяг партызанскай вайны на расійскім Каўказе, бядотнае становішча ў краінах каўказскага і цэнтральнаазіяцкага рэгіёнаў, магчымы вывад войск НАТА з Афганістана — усё гэта будзе спрыяць росту колькасці нелегальных мігрантаў, якія шукаюць лепшага жыцця», «...У бліжэйшыя 10 гадоў не бачна фактараў, якія маглі б прывесці да памяншэння колькасці бежанцаў», «...Злоўленыя на беларускіх межах з Польшчай, Літвой і Латвіяй парушальнікі — гэта толькі вярхушка айсберга» [15].

Улічваючы шэраг памежных праблем, спецыялістамі, экспертамі, чыноўнікамі, навукоўцамі і іншымі зацікаўленымі асобамі прапаноўваюцца патэнцыяльныя шляхі іх вырашэння — ад кансерватыўных да кардынальных. На думку адных, жорсткім заслонам нелегалам магла б быць арганізацыя аховы мяжы па савецкім узоры — устаноўка кантрольна-следавай паласы і драцяных загарод па ўсім перыметры мяжы. Другія выступаюць за ўзмацненне Асобнай службы актыўных мерапрыемстваў (АСАМ) — спецпадраздзялення памежнай службы, якое займаецца выяўленнем каналаў нелегальнай міграцыі яшчэ на подступах да мяжы. Між тым, асабліва прагрэсіўная частка зацікаўленых асоб выказваецца за спыненне нелегальнай міграцыі с дапамогай інспекцыйна-даглядальных комплексаў (ІДК), дзякуючы якім у кантрабандыстаў і арганізатараў перавозкі нелегальных мігран-
таў абнуляваны шанец нелегальнага ўвозу-вывазу забароненых (абмежаваных) тавараў і незаконных мігрантаў.

ІДК, якія выкарыстоўваюцца мытнымі органамі, цалкам бяспечныя для чалавека. Яны маюць сучасную сістэму радыяцыйнай бяспекі, у тым ліку загараджальныя шлагбаўмы, абсталяваныя інфрачырвоным бар’ерам, які адразу ж адключае рэнтген-ўстаноўку, калі ў зоне абслугоўвання з’яўляецца чалавек. Сістэма відэаназірання ІДК дазваляе аператару сачыць за тым, што адбываецца ў тунэлі сканавання. У выпадку ўзнікнення аварыйнай сітуацыі аператар можа адключыць выпраменьванне. Бетонныя сцены таўшчынёй 350 мм зніжаюць узровень рэнтгенаўскага выпраменьвання да яго прыроднага значэння.

Асобна стаіць пытанне фінансавання аховы і адпаведнай інфраструктуры Дзяржаўнай мяжы. Штогод з дзяржаўнага бюджэту Беларусі выдаткоўваецца на ахову 2334 км мяжы прыкладна 125 млн дол. ЗША [2].

Фінансавую дапамогу па ўсталяванні мытнай мяжы аказвае таксама ЕС, у тым ліку ў межах розных стымулюючых праектаў і ініцыятыў. Так, міжнародная тэхнічная дапамога ЕС на ахову 1250-кіламетровай мяжы з Беларуссю складае 7 млн дол. ЗША у год. Акрамя гэтага, за апошнія дзесяць гадоў ЕС на ажыццяўленне праектаў у сферы кіравання межамі ў Беларусі выдзеліў больш за 50 млн еўра. У бліжэйшыя гады на названыя мэты плануецца выдаткаваць яшчэ каля 40 млн еўра. Палову гэтых сродкаў плануецца ўкласці ў рэканструкцыю чатырох пунктаў перасячэння мяжы, адзін з якіх — пункт пропуску «Пясчатка» на беларуска-польскай мяжы будзе прафінансаваны на 90 %, што складзе прыкладна 10,9 млн еўра. Акрамя таго, 5600 дол. ЗША будзе выдзелена ЕС на ахову 1 км сумеснай з Рэспублікай Беларусь мяжы ў якасці міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Для параўнання: бюджэтам Беларусі на ахову такога ж участка выдаткоўваецца 53,5 тыс. дол. ЗША [14].

Апошнім буйным праектам, які быў рэалізаваны ў Беларусі пры дапамозе Еўракамісіі ў сферы ўладкавання межаў, стаў «Бамбел-3» у міжнародным пункце пропуску «Рудаўка—Лясная» (Гродзенская вобл.). ЕС уклаў у «Бамбел-3» 7 млн еўра. Асноўнай мэтай гэтага двухгадовага праекта тэхнічнай дапамогі Беларусі было стварэнне сучаснай сеткі камунікацый на падставе оптавалакновага кабеля па ўсёй даўжыні беларуска-польскай мяжы [15].

Першы праект, «Бамбел-1», быў створаны з мэтай ўключэння адзіных для краін Еўрапейскага саюза стандартаў у дзейнасць мытных і памежных органаў Рэспублікі Беларусь у галіне барацьбы з трансгранічнай арганізаванай злачыннасцю, распрацоўкі і прымянення сучасных сістэм кіравання мяжой, міграцыйнымі патокамі, аснашчэння сучаснай тэхнікай сувязі, сродкамі аўтаматызацыі, памежнага і радыяцыйнага кантролю, умацавання рэгіянальнага супрацоўніцтва. На рэалізацыю праграмы ЕС было выдзелена 4 412 150 еўра, Праграмай развіцця ААН — 221 000 еўра. Адзін з пунктаў праекта «Бамбел-1» — стварэнне пункта часовага размяшчэння мігрантаў (з ліку парушальнікаў дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь) на 30 месцаў у Брэсце на аснове стандартаў, устаноўленых ЕС да ўстаноў дадзенага тыпу, яки быў адкрыты 23 красавіка 2007 г. [15].

Пачынаючы з 2007 г., праграмай Еўрасаюза «EuropeAid», адным з найбуйнейшых інвестараў якой з’яўляецца Дэпартамент Вялікабрытаніі па міжнародным развіцці, Рэспубліцы Беларусь выдаткавана 68 млн ф. ст. Сродкі накіраваны ў асноўным на паляпшэнне бяспекі на мяжы і супрацьдзеянне гандлю людзьмі і незаконнай міграцыі. З 2001 г. мытнай службай Рэспублікі Беларусь атрымана дапамога ЕС у памеры 74 млн еўра, якая ўключала ў сябе сродкі на дэмаркацыю мяжы, абсталяванне для супрацоўнікаў мытных органаў, фінансаванне рэканструкцыі пунктаў пропуску, падрыхтоўку персаналу і палітычных кансультацый [34].

У сферы вядзення барацьбы супраць незаконнай міграцыі і абароту наркотыкаў ЕС з 2001 па 2012 г. выдзеліў значна менш сродкаў — каля 9,1 млн еўра. Адначасова магчыма параўнаць памер сродкаў, згаданых вышэй, з выдаткаваннямі на іншыя мэты іншым дзяржавам. Напрыклад, для правядзення рэформы ў сферы правасуддзя ў Малдове ў 2012 г. ЕС выдзеліў 52 млн еўра. Асобныя эксперты выдзяляюць і палітычную кампаненту узаемаадносін, якая непасрэдна ўплывае на фінансаванне інфраструктуры пунктаў пропуску і праграм по супрацьдзеянні незаконнай міграцыі: «ЕС выдзяляе Беларусі значныя сродкі на добраўпарадкаванне памежнай інфраструктуры і іншыя спадарожныя праекты. Магчыма, грошай вылучалі б больш, калі б Беларусь падпісала прапанаванае ЕС пагадненне па рэадмісіі» [34].

У лістападзе 2013 г. завершана рэалізацыя праекта «Удасканаленне перасячэння мяжы», праграмы міжнароднай тэхнічнай дапамогі, якая фінансавалася Еўрапейскай камісіяй у рамках праграмы ТАСІС і была рэалізавана Дзяржаўным мытным камітэтам, Дзяржаўным памежным камітэтам і Аб’яднаным даследчым цэнтрам Еўрапейскай камісіі. Бюджэт праекта склаў каля 1 млн еўра. У рамках праекта для мытных органаў на бязвыплатнай аснове пастаўлена 7 стацыянарных сістэм радыяцыйнага кантролю новага пакалення, а таксама 12 пошукавых дазіметраў у пяць аўтадарожных пунктаў пропуску, размешчаных на беларуска-польскім і беларуска-літоўскім участках дзяржаўнай мяжы. За кошт сродкаў Еўрапейскага саюза ажыццеўлена пастаўка трох мабільных лабараторый з радыёметрычным абсталяваннем. Праведзена навучанне службовых асоб мытнай і памежнай служб [3].

У снежні 2004 г. быў падпісаны Мемарандум аб узаемаразуменні паміж УВКБ ААН, Дзяржаўным камітэтам памежных войск Рэспублікі Беларусь і двума грамадскімі аб’яднаннямі (Беларускі рух медыцынскіх работнікаў і Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа) для маніторынгу межаў, што стала прыкладам гатоўнасці аб’яднання намаганняў па ўдасканальванню інстытута прытулку. Праект «Павышэнне эфектыўнасці падзелу і працы з міграцыйнымі патокамі на Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь» распрацаваны ў мэтах выканання рашэнняў Жэнеўскай канферэнцыі СНД 1996 г. [26].

Узаемадзеянне ў памежнай і мытнай сферах будуецца ў тым ліку на базе падпісанага у 2009 г. дакумента — Мемарандума аб наладжванні практычнага супрацоўніцтва паміж Дзяржаўным памежным камітэтам і Еўрапейскім агенцтвам па ахове знешніх межаў «ФРОНТЭКС» (Frontex (European Agency for the Management of Operational Cooperation at the External Borders of the Member States of the European Union)) [30]. У рамках Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства (пераемніка праграмы ТАСІС) за 2007—2013 гг. ў Беларусі было рэалізавана 59 праектаў у сферах ўладкавання дзяржаўнай мяжы, мадэрнізацыі нацыянальнай памежнай і мытнай інфраструктуры, энергетыкі, транспарту, экалогіі і г. д. на агульную суму каля 60 млн еўра [5].

Міжнародная арганізацыя па міграцыі (МАМ) заснавана ў 1951 г. Яна супрацоўнічае з урадамі, іншымі міжнароднымі арганізацыямі і грамадскімі аб’яднаннямі ў мэтах забеспячэння паўсюль у свеце спарадкаванага перамяшчэння бежанцаў і іншых асоб, якія маюць патрэбу ў дапамозе ў сферы міжнароднай міграцыі [31]. Праграма «Барацьба з гандлем людзьмі ў Рэспубліцы Беларусь» пачала працаваць у верасні 2002 г. і разглядае тры інтэграваныя аспекты: 1) абароны і рэінтэграцыі ахвяр гандлю людзьмі, 2) крымінальны пераслед і пакаранне гандляроў людзьмі і 3) прадухіленне гандлю людзьмі. У 2011—2012 гг. МАМ рэалізоўвала праект «Дапамога ў развіцці памежнай паўнамоцнай сістэмы ў Беларусі і Арменіі (Арбел)». Праект быў накіраваны на ўмацаванне патэнцыялу памежных ведамств Беларусі і Арменіі ў кіраванні мяжой, на ўрэгуляванне памежных інцыдэнтаў і агульнае кіраванне міграцыяй. У мэтах кіравання міграцыяй і нарошчвання патэнцыялу рэгіёна МАМ ажыццявіла пілотны праект «МІГРАБЕЛ-МІГРАМАЛ: умацаванне кіравання міграцыяй у Рэспубліцы Беларусь і Малдове» (2007—2009) [32].

У 2013 г. назіралася павелічэнне нелегальных міграцыйных патокаў праз тэрыторыю Рэспублікі Беларусь у краіны ЕС. Фактары і прычыны, якія ўплываюць на рост колькасці незаконных мігрантаў, звязаны з павелічэннем колькасці ачагоў напружанасці ў розных краінах, нестабільным палітычным становішчам у шэрагу краін каўказскага і цэнтральнаазіяцкага рэгіёнаў, магчымым вывадам войск НАТА з Афганістана і ваеннымі канфліктамі ў Сірыі і Егіпце, сацыяльнай і эканамічнай няроўнасці паміж ЕС і краінамі, якія ў яго не ўваходзяць.

Негатыўныя наступствы і тэмпы павелічэння міграцыйных працэсаў патрабуюць рэгулярнага ажыццяўлення міжведамасных аператыўна-прафілактычных і спецыяльных мерапрыемстваў па выяўленні замежных грамадзян, якія незаконна знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, папярэджанні з іх боку злачынстваў і правапарушэнняў.

Сярод мігрантаў не толькі людзі, што бягуць з рэгіёнаў канфліктаў або шукаюць эканамічнага дабрабыту ў Еўропе. Любы з іх можа быць патэнцыйным тэрарыстам, прымаць удзел у незаконным звароце наркотыкаў ці кантрабандзе цыгарэт і іншай незаконнай дзейнасці.

Падводзячы вынікі і абагульняючы прыведзеную інфармацыю, лічым мэтазгодным засяродзіць увагу на той акалічнасці, што нелегальную міграцыю трэба разглядаць як адну з сур’ёзных перашкод на шляху падпісання пагаднення з ЕС аб бязвізавым рэжыме і малым прымежжы.

Укараненне адзіных для краін ЕС стандартаў у дзейнасць памежных і мытных органаў Рэспублікі Беларусь у галіне барацьбы з трансгранічнай арганізаванай злачыннасцю, распрацоўка і прымяненне сучасных сістэм кіравання мяжой, міграцыйнымі патокамі, аснашчэнне сучаснай тэхнікай сувязі, сродкамі аўтаматызацыі, памежнага і мытнага кантролю, умацаванне рэгіянальнага супрацоўніцтва — гэта напрамкі, якія спрыяюць арганізацыі эфектыўнай барацьбы з патокамі нелегальных мігрантаў. У дадзеных умовах рэалізацыя прынцыпа «Дзве службы на мяжы» — крок у павышэнні эфектыўнасці кантрольных органаў на Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь.

Дапамога Беларусі з боку ЕС з’яўляецца стратэгічнай палітыкай, якая ахоплівае пытанні агульнай бяспекі. Гэта сур’ёзныя інвестыцыі ў бюджэт краіны дзеля стварэння эфектыўнай базы супрацьдзеяння патокам нелегальных мігрантаў, а таксама павышэння пазіцый Беларусі ў спісах аўтарытэтных рэйтынгавых агенцтваў (выданняў). Акрамя таго, барацьба кантралюючых органаў Беларусі з нелегальнай міграцыяй — адна з магчымасцей прадэманстраваць ЕС і ўсёй сусветнай супольнасці значнасць, ролю і магчымасці мытных і памежных органаў Рэспублікі Беларусь.

Літаратура

1. Голубов, А. Из чеченцев в немцы. За последний год поток чеченских мигрантов в Германию вырос в десять раз / А. Голубов [Электронный ресурс] // КореспонденТ.net. — Режим доступа: <http://korrespondent.net/world/3209745-yz-chechentsev-v-nemtsy-za-poslednyi-hod-potok-chechenskykh-myhrantov-v-hermanyui-vyros-v-desiat-raz>. — Дата доступа: 21.03.2014.
2. ГПК: ЕС оплачивает охрану границы с Беларусью только на 10 % [Электронный ресурс] // Телеграф.by. — Режим доступа: <http://telegraf.by/2012/12/gpk-es-oplachivaet-ohranu-granici-s-belarusyu-tolko-na-10>. — Дата доступа: 27.10.2013.
3. ГТК и Госпогранкомитет завершили реализацию финансируемого ЕС проекта по совершенствованию пересечения границы [Электронный ресурс] // interfax.by: информационное агентство. — Режим доступа: <http://www.interfax.by/news/belarus/141837>. — Дата доступа: 17.11.2013.
4. Депортация [Электронный ресурс] // Википедия: свободная энциклопедия. — Режим доступа: <http://ru.wikipedia.org/wiki/Депортация#cite_note-12>. — Дата доступа: 27.11.2013.
5. Европейский союз [Электронный ресурс] // Министерство иностранных дел Республики Беларусь. — Режим доступа: <http://mfa.gov.by/mulateral/organization/list/c723f8823e56d467.html>. — Дата доступа: 27.10.2013.
6. Загорец, И. В. Миграционная политика стран Единого экономического пространства: сравнительный анализ / И. В. Загорец // Журн. междунар. права и междунар. отношений. — 2012. — № 4. — С. 76—83.
7. Кодекс Республики Беларусь об административных правонарушениях: Кодекс Респ. Беларусь от 21 апр. 2003 г. № 194-З: принят Палатой представителей 17 дек. 2002 г.: одобр. Советом Респ. 2 апр. 2003 г.: текст Кодекса по сост. на 1 янв. 2014 г. [Электронный ресурс] // КонсультантПлюс: Беларусь. Технология 3000 / ООО ЮрСпектр», Нац. центр правовой информ. Респ. Беларусь. — Минск, 2014.
8. Масленкова, Е. В. Некоторые проблемы нелегальной миграции в Республике Беларусь (экспертный опрос) / Е. В. Масленкова // Журн. междунар. права и междунар. отношений. — 2005. — № 2. — С. 95—99.
9. Карелина, А. Л. Нелегальная миграция мексиканцев в США: до и после НАФТА / А. Л. Карелина // Нелегальная миграция: научная серия: Международная миграция населения: Россия и современный мир. Вып. 9. — 2002. — № 9. — С. 94—105.
10. Костюкевич, Н. Польша предлагает взаимную отмену виз, ЕС надеется на переговоры об облегчении визового режима. А на что готова Беларусь? / Н. Костюкевич [Электронный ресурс] // Белорусский портал TUT.by. — Режим доступа: <http://news.tut.by/politics/375328.html>. — Дата доступа: 27.11.2013.
11. Крупный канал незаконной миграции пресечен в Поставском районе [Электронный ресурс] // Государственный пограничный комитет Республики Беларусь. — Режим доступа: <http://gpk.gov.by/press_center/regional_news/19872>. — Дата доступа: 24.11.2013.
12. Миронова, Д. Так ли просто депортировать всех нелегалов из столицы? / Д. Миронова [Электронный ресурс] // Newsland. — Режим доступа: <http://newsland.com/news/detail/id/567827/>. — Дата доступа: 25.09.2013.
13. Музыка, О. О. Социально-экономические аспекты нелегальной миграции из КНР в Россию / О. О. Музыка // Общество. Среда. Развитие. — 2010. — № 3. — С. 37—42.
14. На белорусско-польской границе началось строительство нового пункта пропуска «Песчатка» [Электронный ресурс] // MOGILEV.BY: Могилевский портал. — Режим доступа: <http://www.mogilev.by/news/78575-na-belorussko-polskoy-granice-nachalos-stroitelstvo-novogo-punkta-propuska-peschatka.html>. — Дата доступа: 21.03.2014.
15. На границах Беларуси и ЕС — всплеск нелегальной миграции [Электронный ресурс] // Белорусский портал TUT.by. — Режим доступа: <http://news.tut.by/society/360718.html>. — Дата доступа: 24.11.2013.
16. Об утверждении перечня мест, для посещения которых, и объектов, для въезда на территорию которых и пребывания на ней иностранным гражданам, лицам без гражданства необходимо специальное разрешение, а также государственных органов и иных организаций, уполномоченных выдавать такие разрешения: постановление Совета Министров Респ. Беларусь от 3 февр. 2006 г. № 145 [Электронный ресурс] // КонсультантПлюс: Беларусь. Технология 3000 / ООО «ЮрСпектр», Нац. центр правовой информ. Респ. Беларусь. — Минск, 2014.
17. Об утверждении Положения о порядке выдачи иностранным гражданам и лицам без гражданства разрешений на постоянное проживание в Республике Беларусь: постановление Совета Министров Респ. Беларусь от 3 февр. 2006 г. № 144 [Электронный ресурс] // Там же.
18. Об утверждении Положения о порядке депортации иностранных граждан и лиц без гражданства: постановление Совета Министров Респ. Беларусь от 15 марта 2007 г. № 333 [Электронный ресурс] // Там же.
19. Об утверждении Положения о порядке осуществления высылки иностранных граждан и лиц без гражданства из Республики Беларусь и признании утратившими силу некоторых постановлений Совета Министров Республики Беларусь по вопросам депортации таких лиц: постановление Совета Министров Респ. Беларусь от 3 февр. 2006 г. № 146 [Электронный ресурс] // Там же.
20. Об утверждении Правил пребывания иностранных граждан и лиц без гражданства в Республике Беларусь: постановление Совета Министров Респ. Беларусь от 20 янв. 2006 г. № 73 [Электронный ресурс] // Там же.
21. Об утверждении Правил транзитного проезда (транзита) иностранных граждан и лиц без гражданства через территорию Республики Беларусь: постановление Совета Министров Респ. Беларусь от 19 янв. 2006 г. № 63 [Электронный ресурс] // Там же.
22. О внешней трудовой миграции: Закон Респ. Беларусь от 30 дек. 2010 г. № 225-З [Электронный ресурс] // Там же.
23. О некоторых вопросах документирования населения Республики Беларусь: постановление Совета Министров Респ. Беларусь от 18 нояб. 2008 г. № 1740 [Электронный ресурс] // Там же.
24. О правовом положении иностранных граждан и лиц без гражданства в Республике Беларусь: Закон Респ. Беларусь от 4 янв. 2010 г. № 105-З [Электронный ресурс] // Там же.
25. Правоохранительные органы отмечают рост транзитной незаконной миграции через Беларусь [Электронный ресурс] // Государственный пограничный комитет Республики Беларусь. — Режим доступа: <http://gpk.gov.by/press_center/regional_news/19944/>. — Дата доступа: 24.11.2013.
26. Проект ЕС — УВКБ ООН «Повышение эффективности разделения и работы с миграционными потоками на Государственной границе Республики Беларусь»// Журн. междунар. права и междунар. отношений. — 2007. — № 1. — С. 58—60.
27. Противодействие незаконной миграции в Республике Беларусь [Электронный ресурс] // Министерство внутренних дел Республики Беларусь. — Режим доступа: <http://mvd.gov.by/main.aspx?guid=11271>. — Дата доступа: 27.11.2013.
28. Садовская, Е. Ю. Предупреждение незаконной миграции в Республике Казахстан / Е. Ю. Садовская // Нелегальная миграция: научная серия: Международная миграция населения: Россия и современный мир. Вып. 9. — 2002. — № 9. — С. 50—65.
29. Уголовный кодекс Республики Беларусь от 9 июля 1999 г. № 275-З [Электронный ресурс] // КонсультантПлюс: Беларусь. Технология 3000 / ООО «ЮрСпектр», Нац. центр правовой информ. Респ. Беларусь. — Минск, 2014.
30. About Frontex [Electronic resource] // Frontex. — Mode of access: <http://frontex.europa.eu/about-frontex/origin>. — Date of access: 30.10.2013.
31. About IOM [Electronic resource] // Mode of access: <http://www.iom.int/cms/about-iom>. — Date of access: 27.09.2013.
32. Belarus // International Organization for Migration [Electronic resource]. — Mode of access: <http://www.iom.int/cms/en/sites/iom/home/where-we-work/europa/south-eastern-europe-eastern-eur/belarus.default.html?displayTab=map>. — Date of access: 27.09.2013.
33. Nearly 2000 Belarusian illegal immigrants deported annually from EU [Electronic resource] // Euroradio. — Mode of access: <http://euroradio.fm/en/report/2-thousand-belarusian-illegal-immigrants-are-annually-deported-eu-126128>. — Date of access: 13.10.2013.
34. Smok, V. EU Aid to Belarus: Financing the Dictatorship or Keeping Illegal Migrants Out? / V. Smok [Electronic resource] // BelarusDigest. — Mode of access: <http://belarusdigest.com/story/eu-aid-belarus-financing-dictatorship-or-keeping-illegal-migrants-out-15945>. — Date of access: 27.10.2013.

 
 
I Летняя школа по праву беженцев
Конкурс_научных_работ_2018
3
2
1
Телефоны "горячей линии"
Памятка для украинцев