Аб стварэнні і дзейнасці факультэта міжнародных адносін беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1995—2020 гг.
Алена Дастанка, Аляксандр Шарапа, Уладзімір Снапкоўскі, Святлана Свілас
Гісторыі кафедры і факультэта міжнародных адносін, развіццю міжнародных даследаванняў у БДУ прысвечаны шэраг навуковых артыкулаў, біяграфічных нататак, даведачных выданняў і асобных манаграфій [20—22]. У больш разгорнутым выглядзе яны былі апублікаваны ў юбілейных выданнях да 25- і 30-годдзя кафедры міжнародных адносін (2017 і 2022 гг.) [7; 8] і 100-годдзя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (2021 г.) [4]. Шэраг публікацый падрыхтаваны аўтарамі, іншымі вучонымі, якія даследавалі розныя аспекты вывучэння міжнародных адносін у межах універсітэта і ўсёй Беларусі [2; 3; 10; 14; 17; 18; 23; 25—29]. Артыкул падводзіць некаторыя вынікі першай чвэрці існавання факультэта міжнародных адносін БДУ.
Неабходнасць стварэння кафедры, а затым на яе аснове факультэта міжнародных адносін (ФМА) была прадыктавана кардынальна новымі геапалітычнымі, рэгіянальнымі і ўнутрыпалітычнымі ўмовамі, якія склаліся для Рэспублікі Беларусь у пачатку 1990-х гг. З распадам СССР і набыццём Рэспублікай Беларусь незалежнасці паўстала неабходнасць падрыхтоўкі ў кароткія тэрміны дастатковай колькасці ўласных дыпламатычных работнікаў. У якасці базавай вышэйшай навучальнай установы для такой працы быў вызначаны Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, дзе былі засяроджаны найбольш кваліфікаваныя прафесарска-выкладчыцкія кадры і мелася добрая навучальная база. Пачатковы этап стварэння кафедры і факультэта ахоплівае тры гады і звязаны з трыма знамянальнымі датамі: 23 сакавіка і 1 верасня 1992 г. прыняты рашэнні Вучонага савета БДУ аб стварэнні кафедры міжнародных адносін і яе ўключэнні ў склад гістарычнага факультэта, 1 кастрычніка 1995 г. створаны ФМА БДУ [22, c. 1; 28, c. 149].
Паралельна са стварэннем падраздзялення па вывучэнні міжнародных палітычных адносін адбываўся працэс далучэння да будучага факультэта структурных адзінак па міжнародным праве і сусветнай эканоміцы.
1 верасня 1992 г. створана кафедра міжнароднага права юрыдычнага факультэта. Праз год, 1 верасня 1993 г. першых студэнтаў прыняло аддзяленне «Міжнароднае права» юрфака БДУ. 1 верасня 1994 г. першых студэнтаў залічылі на аддзяленне «Міжнародныя эканамічныя адносіны» філасофска-эканамічнага факультэта БДУ. У 1992/1993 нав. г. на аддзяленні «Міжнародныя адносіны» гістарычнага факультэта БДУ вучыліся 50 студэнтаў, з якіх 25 былі адабраны па выніках сумоўя сярод лепшых студэнтаў старэйшых курсаў гістарычнага, юрыдычнага і філасофска-эканамічнага факультэтаў. Першы выпуск спецыялістаў аддзялення міжнародных адносін у колькасці 14 чалавек адбыўся ў чэрвені 1996 г. [27, c. 54].
З улікам асаблівасцей дыпламатычнай работы былі распрацаваны праграмы і вучэбныя планы для аддзяленняў «Міжнароднае права» юрыдычнага факультэта і «Сусветная эканоміка і міжнародныя эканамічныя адносіны» філасофска-эканамічнага факультэта. У выніку далейшых скаардынаваных дзеянняў гэтых двух аддзяленняў і кафедры міжнародных адносін у 1995 г. была створана база для паўнавыртаснага фарміравання ФМА БДУ.
Значную ролю ў станоўчым вырашэнні гэтага важнага пытання адыграла Міністэрства замежных спраў (МЗС) Рэспублікі Беларусь.
1 кастрычніка 1995 г. лічыцца Днём стварэння ФМА БДУ. Новы факультэт аб’яднаў тры аддзяленні і пачаў рыхтаваць спецыялістаў па трох спецыяльнасцях: «Міжнародныя адносіны», «Міжнароднае права» і «Міжнародныя эканамічныя адносіны» [22, c. 4—6].
Па стане на 1 верасня 1996 г. на факультэце навучалася 513 студэнтаў («Міжнародныя адносіны» — 200, «Міжнароднае права» — 210, «Міжнародныя эканамічныя адносіны» — 103 чалавекі. На факультэце працавала 7 кафедр: міжнародных адносін (загадчык — прафесар А. В. Шарапа), міжнароднага права (загадчык — дацэнт Л. В. Паўлава), міжнародных эканамічных адносін (загадчык — прафесар Л. М. Пятроўская), англійскай мовы (загадчык — дацэнт Т. В. Караічава), рамана-германскіх моў (загадчык — дацэнт Н. І. Хмяльніцкая), усходніх моў (загадчык — дацэнт А. Б. Гойка), дыпламатычнай і консульскай службы (загадчык — дацэнт Л. В. Лойка). Прафесарска-выкладчыцкі склад факультэта налічваў 55 чалавек, у тым ліку 6 прафесараў (дактароў навук) і 24 дацэнты (кандыдатаў навук). У правядзенні заняткаў актыўны ўдзел прымалі супрацоўнікі МЗС, Міністэрства знешнеэканамічных сувязей, акадэмічных інстытутаў [27, с. 54].
2 кастрычніка 1997 г. адбылося афіцыйнае адкрыццё корпуса ФМА БДУ па вул. Акадэмічнай, 25, дзе будучыя міжнароднікі навучаліся наступныя 15 гадоў. Для забеспячэння сучаснага навучальнага працэсу ў кастрычніку 1997 г. быў адкрыты Інфармацыйна-аналітычны цэнтр ФМА, ў снежні — Цэнтр па вывучэнні ААН, у кастрычніку 1998 г. у поўным аб’ёме запрацавала бібліятэка факультэта.
У красавіку 2000 г. па ініцыятыве БДУ і МЗС быў створаны Цэнтр міжнародных даследаванняў.
У верасні 1997 г. адбыўся першы набор студэнтаў па спецыяльнасці «Менеджмент у сферы міжнароднага турызму», а 5 кастрычніка 1998 г. створана кафедра міжнароднага турызму (загадчык — дацэнт Л. М. Гайдукевіч). У чэрвені 1999 г. адбыўся першы выпуск спецыялістаў з веданнем усходніх моў, у верасні 1999 г. — першы набор студэнтаў па спецыяльнасці «Мытная справа». У 1998 г. прафесар А. В. Шарапа ўзначаліў першы ў Беларусі дактарскі спецсавет па спецыяльнасці 07.00.05 (зараз — 07.00.15) «Гісторыя міжнародных адносін і знешняй палітыкі», у склад якога ўвайшлі ўсе прафесары кафедры міжнародных адносін і іншыя вядучыя вучоныя-міжнароднікі з універсітэтаў Мінска [21, c. 7—8]. Першая абарона кандыдацкай дысертацыі адбылася ў снежні 1998 г. — выпускніка аспірантуры А. І. Гардзейчыка па тэматыцы беларуска-расійскіх адносін [2, c. 134].
Намаганні кіраўніцтва факультэта і кафедр былі накіраваны на паляпшэнне арганізацыйнай працы, удасканаленне планавання навучальнага працэсу, распрацоўку і забеспячэнне поўнага і якаснага выканання вучэбных праграм, павышэнне метадычнага ўзроўню прафесарска-выкладчыцкага складу, удасканаленне навуковай дзейнасці, паляпшэнне матэрыяльнага забеспячэння навучальнага працэсу і вучэбнай базы. Асаблівая ўвага надавалася распрацоўцы вучэбных праграм. На кафедрах міжнародных адносін і дыпламатычнай і консульскай службы былі распрацаваны новыя праграмы па гісторыі і тэорыі міжнародных адносін, гісторыі знешняй палітыкі Беларусі, знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь, гісторыі дыпламатычнай і консульскай службы Беларусі і замежных дзяржаў. Кафедра міжнародных эканамічных адносін праводзіла навуковыя даследаванні па тэмах «Замежная дзелавая актыўнасць і метады яе дзяржаўнага рэгулявання» і «Інтэрнацыяналізацыя капі-
талу: тэорыя, палітыка, практыка». Кафедра міжнароднага права праводзіла распрацоўку па праблемах ролі міжнароднага права ў рэфармаванні прававой сістэмы Рэспублікі Беларусь, даследвала суадносіны міжнароднага права і ўнутранага права Рэспублікі Беларусь у працэсе фарміравання прававой дзяржавы.
У 1995 г. кафедра выпусціла зборнік навуковых прац «Актуальныя праблемы межднароднага права». Навучальны працэс і навуковыя даследаванні цесным чынам увязваліся з практычнымі задачамі і запатрабаваннямі МЗС, іншых устаноў і арганізацый, для якіх у сценах ўніверсітэта і факультэта рыхтавалі кадры.
Важнай падзеяй у гісторыі факультэта і БДУ трэба лічыць арганізацыю і правядзенне ў красавіку 1997 г. міжнароднай канферэнцыі «Перспектывы стварэння ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе прасторы, вольнай ад ядзер-
най зброі», якая была арганізавана па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі [12]. Ход і вынікі канферэнцыі, матэрыялы якой былі апублікаваныя на трох мовах (беларускай, рускай і англійскай), паспрыялі абмеркаванню беларускай прапановы аб без’ядзернай прасторы і яе вылучэнню на аўтарытэтных міжнародных пляцоўках.
Праз пяць год пасля стварэння факультэт стаў адным з найбольш прэстыжных вучэбных падраздзяленняў БДУ і ўсёй сістэмы вышэйшай школы Беларусі. У у 2000/2001 нав. г. вучыліся каля 1000 студэнтаў і больш за 50 магістрантаў, аспірантаў і дактарантаў. Разам з беларускімі грамадзянамі вышэйшую адукацыю атрымлівалі каля 90 замежных навучэнцаў з сямі краін. Тры кафедры моўных дысцыплін забяспечвалі выкладанне 12 замежных моў. Вучэбны працэс забяспечвалі 11 кафедр, у штаце якіх працавала 170 выкладчыкаў, у тым ліку 10 прафесараў, каля 70 дацэнтаў і кандыдатаў навук. У 2000 г. былі адкрыты кафедры мытнай справы і міжнароднага прыватнага і еўрапейскага права [22, c. 2—3].
У год 10-гадовага юбілею ФМА ў 2005 г. там праходзілі навучанне больш за 2000 студэнтаў, павышалі кваліфікацыю больш за 50 магістрантаў, аспірантаў і дактарантаў. Разам з беларускімі грамадзянамі тэарэтычную і практычную падрыхтоўку па розных спецыяльнасцях міжнароднага профілю атрымлівалі больш за 130 замежных навучэнцаў з 20 краін. Падрыхтоўка спецыялістаў вышэйшай адукацыі вялася на 8 аддзяленнях: «Міжнародныя адносіны», «Міжнароднае права», «Сусветная эканоміка», «Менеджмент у сферы міжнароднага турызму», «Мытная справа», «Лінгвакраіназнаўства», «Сучасныя замежныя мовы» і «Культуралогія». Вучэбна-навуковы працэс забяспечвалі 16 кафедр, у штаце якіх працавалі больш за 260 выкладчыкаў, у тым ліку 15 прафесараў, каля 80 дацэнтаў і кандыдатаў навук; 6 кафедр моўных дысцыплін забяспечвалі выкладанне 16 замежных моў [22, c. 4, 6—9; 26].
Традыцыйнымі сталі штогадовыя мерапрыемствы: «круглы стол» вучоных Беларусі і Расіі «Беларуска-расійскія адносіны: праблемы і перспектывы» (з 1998 г.) [13], канферэнцыя «Беларусь у сучасным свеце» (з 2002 г.); студэнцкія дыпламатычныя чытанні, прысвечаныя Дню стварэння факультэта (з 2000 г.); Мадэляванне ААН (з 1999 г.).
БДУ стаў першай установай вышэйшай адукацыі ў краіне, якая пачала пераход на шматузроўневую сістэму падрыхтоўкі спецыялістаў па ўзоры вядучых універсітэтаў. Факультэт удзельнічаў у рэалізацыі дагавораў аб супрацоўніцтве, падпісаных з універсітэтамі Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Кітая, Турцыі, іншых краін. У 2008 г. на базе Рэспубліканскага цэнтра БДУ «Іерогліф» быў утвораны Інстытут імя Канфуцыя.
30 верасня 2010 г. у актавай зале Інстытута журналістыкі адбыліся ўрачыстасці ў гонар 15-годдзя ФМА. Да гэтага часу ўжо каля 18 % дыпламатычнага корпуса краіны складалі яго выпускнікі, пры гэтым толькі ў цэнтральным апараце МЗС іх налічвалася 40 чалавек [20, c. 24—27].
У верасні 2012 г. адчыніў дзверы сучасны корпус ФМА на вуліцы Ленінградская, 20. Ва ўрачыстасцях удзельнічаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка, які заявіў: «Беларусь находится в центре Европы, и этим предопределено, что никакую безопасность, в частности, региональную, без Беларуси нельзя обеспечить». Ён зрабіў запіс у Кнізе ганаровых гасцей ФМА: «Ваш факультет со дня основания был предметом моего особого внимания и заботы. Потому что перед его выпускниками стоит задача государственной важности — защита и продвижение национальных интересов Беларуси в мире» [11]. Вучэбныя аўдыторыі новага будынка аснашчаны праекцыйна-прэзентацыйным абсталяваннем, што дазваляе арганізоўваць адукацыйны працэс з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, для вывучэння замежных моў выкарыстоўваюцца лінгафонныя кабінеты і аўдыторыя сінхроннага перакладу.
На ўрачыстым пасяджэнні калектыву ФМА з нагоды 20-годдзя факультэта (2 кастрычніка 2015 г.) адзначалася, што за гэты час было падрыхтавана 4147 дыпломаваных беларускіх спецыялістаў у галіне міжнародных адносін, эканомікі і права, міжнароднага турызму, мытнай справы, лінгвакраіназнаўства; факультэт стаў «альма-матэр» для 336 замежных грамадзян. Навучанне ажыццяўлялася па 6 спецыяльнасцях і 17 спецыялізацыях. Навучальны працэс, у тым ліку выкладанне 17 замежных моў, забяспечвалі больш за 300 супрацоўнікаў, сярод якіх 19 прафесараў і дактароў навук, каля 100 дацэнтаў і кандыдатаў навук; абаронены 8 доктарскіх і каля 60 кандыдацкіх дысертацый. Важнай падзеяй юбілейнага года стала першая абарона магістарскіх дысертацый па спецыяльнасці «Гісторыя міжнародных адносін і знешняй палітыкі», выкананых на англійскай мове [14, c. 160—161].
У кастрычніку 2017 г. да 25-годдзя кафедры міжнародных адносін была арганізавана рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Даследаванне міжнародных адносін у Рэспубліцы Беларусь: стан і перспектывы», па выніках якой выдадзены зборнік артыкулаў. Супрацоўнікі кафедры і запрошаныя высокія госці, у тым ліку міністры замежных спраў і адукацыі Рэспублікі Беларусь, адзначылі, што кафедра займае асаблівае месца ў фарміраванні нацыянальнай школы беларускай дыпламатыі, з’яўляецца важным навуковым цэнтрам па вывучэнні міжнародных адносін і знешняй палітыкі Беларусі, аб’ядноўвае прызнаных аўтарытэтаў у даследаванні знешнепалітычнай праблематыкі [7, c. 5—10].
У прывітальным слове на адкрыцці канферэнцыі загадчык кафедры, прафесар М. Э. Часноўскі запэўніў, што «сотрудники кафедры осознают свой не до конца исполненный долг — мировоззренческий, поколенческий, патриотический», яны «призваны не только зародить зерна профессионализма в своих питомцев, но и добиться их становления в условиях тотальной мировой конъюнктуры: цен и ценностей, права и справедливости, лозунгов и реальности.., конъюнктуры правды и чести» [24, c. 3]. Над рэалізацыяй гэтай няпростай задачы супрацоўнікі кафедры і факультэта працягваюць працаваць і ў наш час.
У 2019 г. калектыў ФМА прыступіў да рэалізацыі Стратэгіі развіцця міжнароднай дзейнасці БДУ. Ключавой мэтай стратэгіі абвяшчалася ўваходжанне ўніверсітэта ў лік 1 % лепшых універсітэтаў свету і забеспячэнне канкурэнтаздольнасці на глабальным адукацыйным рынку. Гэтая мэта вызначае прыярытэтныя вектары міжнароднага асяроддзя БДУ: павышэнне прывабнасці брэнда ўніверсітэта, інтэграванасць ў міжнародныя адукацыйныя і даследчыя сеткі, прасоўванне адукацыйных і навукова-даследчых паслуг за мяжой, удзел у каардынацыі міжнароднай дзейнасці іншых ВНУ Беларусі [19].
Сваё 25-годдзе (1 кастрычніка 2020 г.) факультэт міжнародных адносін сустрэў у якасці вядучага вучэбна-навуковага цэнтра краіны па падрыхтоўцы спецыялістаў у сферы міжнародных адносін. Факультэт заставаўся адзіным у Рэспубліцы Беларусь падраздзяленнем, які выпускаў кадры па спецыяльнасці «Лінгвакраіназнаўства», а таксама меў значны адукацыйны і навуковы патэнцыял у сферы сусветнай эканомікі, міжнароднага турызму і мытнай справы. За чвэрць стагоддзя дыплом аб заканчэнні ФМА атрымалі амаль 8600 чалавек, у тым ліку каля 1000 замежнікаў. Сярод яго выпускнікоў — надзвычайныя і паўнамоцныя паслы Рэспублікі Беларусь, сотні былых студэнтаў займалі адказныя пасады ў дыпламатычных прадстаўніцтвах і міжнародных арганізацыях. ФМА — адзін з важных сімвалаў незалежнасці Беларусі, школа беларускай дыпламатыі; ён стаў самым буйным факультэтам Беларусі па колькасці студэнтаў дзённай формы навучання (каля 2000) і платнай формы навучання (больш за 80 %) [9].
Па стане на 1 чэрвеня 2020 г., у структуру факультэта ўваходзілі 13 кафедр: міжнародных адносін, міжнародных эканамічных адносін; міжнароднага права, міжнароднага прыватнага і еўрапейскага права, дыпламатычнай і консульскай службы, англійскай мовы для гуманітарных спецыяльнасцей, англійскай мовы для эканамічных спецыяльнасцей, рамана-германскіх моў, мовазнаўства і краіназнаўства Усходу, міжнароднага турызму, мытнай справы, тэорыі і методыкі выкладання рускай мовы як замежнай, цэнтра міжнародных даследаванняў, а таксама 3 вучэбных лабараторыі, 10 моўных і краіназнаўчых навучальных і даследчых цэнтраў, у тым ліку карэязнаўства (створана ў 2009 г.), іраназнаўства (2010 г.); турэцкай мовы і культуры (2011 г.); індалогіі (2017 г.), Аманскі цэнтр арабскай мовы і культуры (2018 г.).
Навукова-педагагічнай дзейнасцю на факультэце былі заняты 315 супрацоўнікаў, сярод якіх 23 дактары навук і 95 кандыдатаў навук. Сярэдні ўзрост прафесарска-выкладчыцкага саставу складаў 44,5 гадоў. Да адукацыйнага працэсу прыцягваліся вопытныя кіраўнікі і спецыялісты-практыкі з рэспубліканскіх арганізацый у мэтах забеспячэння практыкаарыентаванасці навучання (МЗС Рэспублікі Беларусь, Парк высокіх тэхналогій, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, Выканаўчы камітэт Садружнасці Незалежных Дзячржаў і інш.) [14, c. 163—164].
Прызнаннем высокага аўтарытэту навуковай школы ФМА ў галіне знешнепалітычных даследаванняў з’явілася распрацоўка ў 2001 г. калектывам вучоных факультэта (прафесары А. А. Разанаў, У. Е. Снапкоўскі, А. А. Чалядзінскі, дырэктар Цэнтра міжнародных даследаванняў У. Я. Улаховіч) праекта Канцэпцыі знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь. Дакумент быў падрыхтаваны па ініцыятыве міністра замежных спраў М. М. Хвастова, ухвалены МЗС і прадстаўлены ў Адміністрацыю Прэзідэнта, пасля чаго Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прыняла 27 кастрычніка 2005 г. Закон «Аб зацвярджэнні Асноўных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь», зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 14 лістапада 2005 г.
Супрацоўнікі ФМА прынялі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і святкаванні 100-годдзя беларускай дыпламатычнай службы, якое беларускі МЗС адзначыў у студзені 2019 г. Яны ўдзельнічалі ў «круглым стале» ў МЗС [6], серыі тэлевізійных перадач, прысвечаных гісторыі і сучасным праблемам дыпламатыі Беларусі. На базе ФМА 22 лютага 2019 г. адбылася Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Беларусь у свеце, які змяняецца: гісторыя і сучаснасць», прысвечаная 100-годдзю беларускай дыпламатыі. На канферэнцыі выступілі намеснік міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь А. І. Краўчанка, былыя міністры замежных спраў П. К. Краўчанка, У. Л. Сянько, М. М. Хвастоў, замежныя дыпламаты, вучоныя ФМА БДУ і іншых навуковых устаноў Беларусі [1]. У снежні 2019 г. перад студэнтамі і супрацоўнікамі БДУ выступіў з дакладам міністр замежных спраў У. У. Макей.
У 2020/2021 нав. г. на ФМА па адукацыйных праграмах вышэйшай адукацыі першай і другой ступені, аспірантуры і дактарантуры навучілася 2072 чалавекі, з іх на першай і другой ступені — 1923, у аспірантуры і дактарантуры — 149. У складзе шматнацыянальнага і мультыкультурнага калектыву ФМА налічвался 431 замежный грамадзянін з 25 краін, з іх студэнтаў — 303, магістрантаў — 84, аспірантаў — 44. Факультэт ажыццяўляў міжнароднае супрацоўніцтва больш чым з 150 адукацыйнымі і навуковымі цэнтрамі ў 50 краінах свету [14, с. 164—165].
На факультэце дзейнічалі грамадскія студэнцкія аб’яднанні: Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Студэнцкі саюз, Студэнцкі савет па якасці адукацыі, студэнцкі навуковы савет, Творчы саюз, Савет стараст, Творчае аб’яднанне «СТАРТ» (Студэнцкае таварыства «Актыўныя, рашучыя, творчыя»), Аператрад ФМА «ОСО ФМА БДУ», Дыскусійны клуб, Студэнцкі савет аддзялення мытнай справы, Турыстычны клуб студэнтаў, Клуб аратарскага майстэрства з удзелам выпускнікоў ФМА (на англійскай мове), студэнцкі тэатр, Студэнцкі клуб перакладчыкаў «Interpreter Club», Клуб аматараў мытнай гісторыі «Мытная камора», Мадэляванне ААН, Школа «Будучы эканаміст» і інш. Пытанні вучэбнай і выхаваўчай работы адлюстроўваюцца ў матэрыялах студэнцкай малатыражнай газеты факультэта «ФМОn-line» (выдаецца з 2012 г.) [14, c. 168—169].
Студэнты ФМА ўдзельнічалі ў будаўніцтве Нацыянальнай бібліятэкі (2002—2006 гг.), гасцініцы «Еўропа» (2004—2007 гг.), спартыўна-аздараўленчага комплексу «Брыганціна» (2002 г.), спартыўнага комплексу БДУ на вул. Кастрычніцкай (2001—2006 гг.). Яны актыўна праявілі сябе ў грамадзянска-патрыятычных мерапрыемствах універсітэцкага, гарадскога і рэспубліканскага ўзроўняў, а таксама ў валанцёрскім руху: правядзенні пасяджэння Парламенцкай асамблеі АБСЕ (2017 г.), перапісу насельніцтва Рэспублікі Беларусь (2019 г.); Другіх Еўрапейскіх гульнях (2019 г.). Штогод праводзяцца дабрачынныя канцэрты і акцыі ў школах-інтэрнатах. У 2019/2020 нав. г. на факультэце навучаліся 14 студэнтаў з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, 7 студэнтаў, якія маюць інваліднасць. Колькасць студэнтаў са шматдзетных сем’яў склала 41 чалавек, 115 чалавек — з ліку пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС [14, c. 166].
Прафесарска-выкладчыцкі склад факультэта зрабіў істотны ўнёсак у развіццё навуковых даследаванняў у сферы міжнародных адносін і міжнароднага права, сусветнай эканомікі, міжнароднага турызму і мытнай справы, мовазнаўства Усходу. Супрацоўнікамі і аспірантамі факультэта абаронены 15 доктарскіх і 78 кандыдацкіх дысертацый.
Так, будучы супрацоўнікамі ФМА, доктарскія дысертацыі абаранілі А. В. Данільчанка (1998 г.), А. М. Гардзей (1999 г.), М. Э. Часноўскі (2000 г.), В. Г. Шадурскі (2000 г.), С. А. Хоміч (2002 г.), Ю. І. Малевіч (2005 г.), Л. М. Гайдукевіч (2010 г.), А. Л. Давыдзенка (2010 г.), А. Ф. Доўгань (2015 г.), А. У. Русаковіч (2016 г.), В. А. Астрога (2017 г.), У. В. Фральцоў (2017 г.), С. Ф. Свілас (2018 г.), С. І. Лебядзінскі (2018 г.).
Шматпрофільны склад ФМА з яго 6 спецыяльнасцямі бакалаўрыяту, 6 — магістратуры і 9 — дактарантуры па некалькіх сацыяльна-гуманітарных навуках прадвызначыў фарміраванне шэрагу навуковых школ у рамках кафедр. Пры гэтым у склад той ці іншай школы ўваходзілі і буйныя вучоныя (дактары навук) з іншых факультэцкіх кафедр. Пачатак навуковай школе ў галіне сучасных міжнародных адносін быў закладзены ў 1990-я гг. прафесарамі А. А. Чалядзінскім, А. А. Разанавым, А. В. Шарапам, дацэнтам Л. В. Лойкам. Гатая навуковая школа канцэнтравалася на даследаванні розных пытанняў знешняй палітыкі і міжнародных адносін [17, c. 23—25].
Навуковая школа, звязаная з прафесарам У. Е. Снапкоўскім вывучала знешнюю палітыку Беларусі ХХ — пачатку ХХІ стст. і знешнепалітычныя аспекты гісторыі беларускай дзяржаўнасці. Яе аўтарытэтт у навуцы быў замацаваны дзякуючы грунтоўнай працы з крыніцамі і выданню зборнікаў дакументаў, прысвечаных пытанням знешняй палітыкі Беларусі ў 10 тамах, палітыкі замежных дзяржаў у дачыненні да Беларусі ў XX ст. у 4 тамах, дзяржаўных межаў Рэспублікі Беларусь у 2 тамах.
Плённая праца У. Е. Снапкоўскага была адзначана прэміяй імя першага рэктара БДУ У. І. Пічэты і прэміяй Сібірскага аддзялення РАН імя акадэміка У. А. Капцюга. Да распрацоўкі актуальных праблем знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь прыцягваліся ўсе прафесары кафедры міжнародных адносін (А. А. Разанаў, А. А. Чалядзінскі, А. В. Шарапа), вучоныя кафедр дыпламатычнай і консульскай службы (Л. В. Лойка), а таксама міжнароднага права (Ю. П. Броўка і Л. В. Паўлава) [2, c. 134—139; 15].
На пачатку ХХІ ст. навуковыя школы ў галіне даследавання міжнародных адносін умацаваліся і набылі сваё сучаснае аблічча. Школа гісторыі і сучасных міжнародных адносін (кіраўнік — прафесар А. В. Шарапа) папоўнілася дактарамі гістарычных навук М. Э. Часноўскім, Л. В. Лойкам, А. У. Русаковічам, У. В. Фральцовым, Л. М. Гайдукевічам і В. А. Астрогай. Як адзначыў парфесар кафедры міжнародных адносін У. В. Фральцоў: «За годы активной исследовательской работы кафедра международных отношений сформировала внушительный учебно-научный потенциал, подготовила значительное число молодых специалистов, способных проводить современные междисциплинарные исследования, призванные внести заметный вклад в дальнейшее развитие белорусской школы изучения международных отношений» [23, c. 105—106].
Паралельна з знешнепалітычнымі даследаваннямі ў галіне гістарычнай навукі па спецыяльнасці «Гісторыя міжнародных адносін і знешняй палітыкі» у рамках кафедры міжнародных адносін і ўсяго ФМА пачалі развівацца даследаванні ў галіне палітычнай навукі па спецыяльнасці «Палітычныя праблемы міжнародных адносін, глабальнага і рэгіянальнага развіцця». У пачатку ХХІ ст. на факультэце склалася навуковая школа міжнародных даследаванняў у галіне палітычных навук, прадстаўленая дактарамі палітычных навук Ю. І. Малевіч і Р. А. Есіным, доктарам філасофскіх навук А. М. Байчоравым, кандыдатам палітычных навук, дэканам ФМА А. А. Дастанка [2, c. 139—140; 3, c. 123—125]. Паліталагічная школа ФМА развіваецца ў рамках новых спецыяльнасцей, зацверджаных ВАК Рэспублікі Беларусь: «Палітычная рэгіяналістыка. Этнапалітыка», «Канфлікталогія» і ў цесным супрацоўніцтве з кафедрай паліталогіі юрыдычнага факультэта БДУ [16].
Да фарміравання і развіцця навуковых школ у галіне гістарычных і палітычных навук, якія склаліся на кафедры міжнародных адносін, мелі і маюць прамое дачыненне кафедры дыпламатычнай і консульскай службы (да аб'яднання з кафедрай міженеародных адносін), еўразійскіх даследаванняў, комплекснага вывучэння развіцця КНР, усходазнаўства. У рамках іншых кафедраў факультэта сфарміраваліся навуковыя школы ў галіне міжнароднага права (прафесары Ю. П. Броўка і Л. В. Паўлава), міжнародных эканамічных адносін (прафафесары Л. М. Пятроўская, А. У. Данільчанка, А. М. Давыдзенка), міжнароднага турызму і менеджменту (прафесар Л. М. Гайдукевіч), вывучэння рускай мовы як замежнай (прафесар С. І. Лебядзінскі), выкладання замежных моў для прафесійнай дзейнасці ў галіне міжнародных адносін (прафесар Т. В. Караічава).
Выпускнікі ФМА плённа працавалі ў міністэрствах замежных спраў, эканомікі, юстыцыі, Дзяржаўным мытным камітэце, Нацыянальным банку, Вярхоўным Судзе, іншых міністэрствах і ведамствах краіны, у структурах міжнародных арганізацый (ПРААН, УВКБ ААН, ЮНІСЕФ і інш.), паспяхова развівалі ўласную справу, працягвалі навуковую і педагагічную кар’еру.
Першы дэкан і загадчык кафедры міжнародных адносін, прафесар А. В. Шарапа, кажучы пра пачатак дзейнасці факультэта ў 1990-я гг., падкрэсліваў, што «работникам "первого призыва" пришлось столкнуться с немалыми трудностями: у нас не было ни нужного организационного опыта, ни достаточного количества специально подготовленных кадров, ни надлежащей учебно-материальной базы. Было чувство ответственности за новое и важное государственное дело — подготовку специалистов для пополнения дипломатического корпуса молодого независимого государства Республика Беларусь» [5]. Гэту пачэсную місію піянеры-першапраходцы на ніве вывучэння і выкладання міжнародных адносін у Беларусі выконвалі годна і дастойна.
Развіццё ФМА БДУ за даследаваны 25-гадовы перыяд — гэта высокі вынік актыўнай і плённай працы прафесарска-выкладчыцкага складу, руплівай вучобы таленавітых і амбіцыйных студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў і дактарантаў. Усё гэта стала магчымым на аснове сучаснай матэрыяльнай базы, мабілізацыі ўнутраных рэсурсаў ва ўмовах канкурэнтнага асяроддзя, нястомнага павышэння якасці адукацыі і навуковых даследаванняў. Захоўваючы і прымнажаючы назапашаны вопыт, калектыў факултэт імкнуўся дасягненню міжнародных стандартаў універсітэцкай адукацыі з апорай на нацыянальныя традыцыі.